Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
25 жніўня 2016, 16:18

Металаапрацоўчыя прадпрыемствы Брэсцкай вобласці трэба максімальна загрузіць заказамі - Мясніковіч

25 жніўня, Брэст /Святлана Вячорка - БЕЛТА/. Металаапрацоўчыя прадпрыемствы Брэсцкай вобласці трэба загрузіць заказамі, магчымасці для гэтага ёсць. Такое меркаванне выказаў сёння на пасяджэнні аблвыканкама старшыня Савета Рэспублікі, упаўнаважаны Прэзідэнта па Брэсцкай вобласці Міхаіл Мясніковіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Трэба паглядзець, каб максімальна загрузіць заказамі машынабудаўнічыя і металаапрацоўчыя прадпрыемствы вобласці. Напрыклад, металаканструкцыі для станочнага абсталявання ў свінакомплексах, за апошнія паўгода набылі 513 адзінак. Ніводнага кілаграма, ніводнай тоны станкоў не заказала ў Беларусі Брэсцкая вобласць. Усё завезлі з-за мяжы. Можна і ацынкоўку глыбокую, гарачую рабіць і іншыя рэчы. Што, напрыклад, на "Кавліцмашы" складана зварыць гэтыя трубы? Вось у выніку і сальда такое", - заўважыў Міхаіл Мясніковіч.

Заўвага ўпаўнаважанага Прэзідэнта была выклікана хранічнымі праблемамі прадпрыемстваў гэтага сектара. Так, у машынабудаванні хоць і намецілася за май-чэрвень дадатная дынаміка, узровень мінулага года не дасягнуты. Як адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй Клец, нягледзячы на прымаемыя меры пакуль не відаць зрухаў на такіх прадпрыемствах Мінпрама, як лунінецкі "Палессеэлектрамаш", пінскі "Кавліцмаш", брэсцкія "Цветатрон", "Брэстмаш", БЭМЗ. Нездавальняюча спрацавалі ўсе чатыры машынабудаўнічыя прадпрыемствы Мінтранса.

У цэлым у І паўгоддзі ў прамысловасці Брэсцкай вобласці ўдалося пераадолець негатыўныя тэндэнцыі, якія склаліся ў мінулыя гады. Атрыманы вынік па індэксе фізічных аб'ёмаў (ІФА) прамысловай вытворчасці ў памеры 103,9 працэнта даў магчымасць не толькі кампенсаваць спад мінулага года, але і забяспечыў дадатковы прырост 0,5 працэнта да папярэдняга перыяду. Істотны рост забяспечаны па асноўных сектарах - у горназдабыўной, апрацоўчай, лёгкай, фармацэўтычнай прамысловасці, дрэваапрацоўцы.

На пасяджэнні абмяркоўваліся вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Брэсцкай вобласці ў першым паўгоддзі. У поўным аб'ёме рэгіён выканаў тры з васьмі ключавых паказчыкаў эфектыўнасці, у тым ліку па інвестыцыях у асноўны капітал за кошт замежных крыніц (тэмп росту 144,5 працэнта пры заданні 98 працэнтаў), па працаўладкаванні на наваствораныя рабочыя месцы за кошт стварэння новых прадпрыемстваў і вытворчасцей. Не выкананы ключавыя паказчыкі па валавым рэгіянальным прадукце (тэмп 98,3 працэнта пры заданні 99,6 працэнта), прадукцыйнасці працы, экспарце тавараў і паслуг, прамых замежных інвестыцыях на чыстай аснове.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі