Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
26 верасня 2018, 13:05

"Магілёўхімвалакно" ў снежні запусціць вытворчасць сучаснага поліэфірнага валакна

26 верасня, Магілёў /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. ААТ "Магілёўхімвалакно" плануе ў снежні запусціць вытворчасць па выпуску поліэфірнага валакна спосабам прамога фармавання. Аб гэтым паведаміў сёння генеральны дырэктар завода Пётр Руднік у час наведвання прадпрыемства Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Расіі ў Беларусі Міхаілам Бабічам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Пятра Рудніка, гэта будзе першая чарга рэалізацыі вялікага інвестыцыйнага праекта "Комплекс па вытворчасці поліэфірнай прадукцыі". "Новае абсталяванне магутнасцю 50 тыс. т у год дасць магчымасць атрымаць новыя асартыменты сінтэтычнага валакна, якія запатрабаваны на рынках далёкага і блізкага замежжа. Пры гэтым асноўным стратэгічным партнёрам для прадпрыемства застаецца Расійская Федэрацыя, куды пастаўляецца каля 50 працэнтаў поліэфірнай прадукцыі", - адзначыў гендырэктар. Увод у строй дасць магчымасць у тым ліку павялічыць аб'ёмы вытворчасці і нарасціць пастаўкі прадукцыі ў Расію.

"У актыўнай стадыі абмеркавання знаходзіцца рэалізацыя другой чаргі інвестыцыйнага праекта па развіцці прадпрыемства, які прадугледжвае будаўніцтва тэхналагічна звязаных паміж сабой устаноўкі бесперапыннай полікандэнсацыі ПЭТ, ліній па вытворчасці поліэфірнага валакна, устаноўкі даполікандэнсацыі і вытворчасці тэхнічных ніцей. Гэты праект ацэньваецца прыкладна ў памеры 120 млн еўра, а ўвод у строй новых вытворчасцей плануецца ў 2023-2024 гадах. У тым ліку абмяркоўваецца варыянт па прыцягненні расійскіх інвестыцый", - сказаў Пётр Руднік.

Рэалізацыя інвестпраекта дасць магчымасць прадпрыемству абнавіць абсталяванне і поўнасцю перайсці на сучасныя тэхналогіі вытворчасці грануляту ПЭТ, поліэфірнага валакна і поліэфірных тэхнічных нітак. Гэта значна знізіць затраты на вытворчасць, да таго ж з'явіцца магчымасць пашырыць асартымент поліэфірных тэхнічных нітак.

"Правядзенне комплекснай мадэрнізацыі вытворчасці дасць магчымасць выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю, якая запатрабавана не толькі ў нашай краіне, але ў блізкім і далёкім замежжы. У выніку гэта дасць магчымасць прадпрыемству працаваць стабільна і больш эфектыўна, значна палепшыць эканамічныя паказчыкі", - падкрэсліў Пётр Руднік.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі