Поўная версія

Лічбавая сфера стала ў Беларусі часткай нацыянальнай стратэгіі - Ярашэвіч

Эканоміка 08.02.2018 | 18:49
Юрый Ярашэвіч. Фота прэс-службы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі
Юрый Ярашэвіч. Фота прэс-службы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі

8 лютага, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Лічбавая сфера стала ў Беларусі часткай нацыянальнай стратэгіі. Аб гэтым заявіў саветнік-пасланнік пасольства Беларусі ў Расіі Юрый Ярашэвіч на канферэнцыі "Праектаванне будучыні і гарызонты лічбавай рэальнасці", якая праходзіць 8-9 лютага на пляцоўцы Дзелавога і культурнага комплексу дыппрадстаўніцтва і прысвечана развіццю лічбавай эканомікі Саюзнай дзяржавы, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе дыпмісіі.

Дыпламат адзначыў, што ў Беларусі ўзяты курс на стварэнне максімальна прывабных умоў для ІТ-кампаній, татальнае ўстараненне бар'ераў для ўкаранення найноўшых тэхналогій, фарміраванне экасістэмы інавацый. Важнейшым крокам у гэтым напрамку стаў дэкрэт нумар 8 "Аб развіцці лічбавай эканомікі", падпісаны ў снежні 2017 года. З яго прыняццем у Беларусі не толькі створаны ўмовы для дынамічнага развіцця IT-сферы, але і ўзніклі канкурэнтныя перавагі для прыцягнення тэхналогій, інвестыцый, вядучых спецыялістаў і кампаній з усяго свету.

Юрый Ярашэвіч нагадаў таксама аб ініцыятывах беларускага боку, агучаных прэм'ер-міністрам Андрэем Кабяковым у пачатку лютага на форуме "Лічбавы парадак дня ў эпоху глабалізацыі" ў Алматы. Першая ініцыятыва - інтэграцыя лічбавай інфраструктуры краін ЕАЭС, якая прадугледжвае не толькі ўвядзенне адзіных стандартаў, але і агульнае кіраванне фізічнай інфраструктурай. Другая заключаецца ў пераходзе ад узгодненай палітыкі ў лічбавай сферы да адзінай стратэгіі краін - удзельніц саюза.

Дырэктар Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Анатоль Лазарэвіч зачытаў прывітанне ўдзельнікам канферэнцыі старшыні Прэзідыума НАН Уладзіміра Гусакова, у якім адзначана, што вучонымі НАН Беларусі і Інстытута прыкладной матэматыкі імя М.Келдыша Расійскай акадэміі навук упершыню ў гісторыі навуковага супрацоўніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы пастаўлена мэта комплекснага міждысцыплінарнага аналізу шляхоў станаўлення лічбавай эканомікі ў кантэксце перспектыў і рызык развіцця інфармацыйнага грамадства. Імі прапанаваны шэраг новых падыходаў на стыку інфармацыйных тэхналогій, якія могуць істотна павысіць эфектыўнасць беларуска-расійскага ўзаемадзеяння ў сферы эканомікі.

Размаўляючы з журналістамі, намеснік прэзідэнта Расійскай акадэміі навук Уладзімір Іваноў заявіў, што важна сфарміраваць агульны погляд на тое, як павінна развівацца лічбавая эканоміка ў Саюзнай дзяржаве. "Беларускія і расійскія вучоныя павінны аб'яднаць свой патэнцыял і выпрацаваць адзіную пазіцыю развіцця лічбавай эканомікі, перспектывы навукова-тэхнічнага развіцця", - сказаў ён.

Тэматыка канферэнцыі разнастайная: ад эканомікі лічбавага свету і крыптавалют да адукацыйнай робататэхнікі, ад мастацтва новай эпохі і рэфлексіўнага кіравання да новых транспартных сістэм, якія сталі магчымымі ў камп'ютарнай рэальнасці. Лейтматыў канферэнцыі - праграмы развіцця лічбавай эканомікі Саюзнай дзяржавы, перспектывы і рызыкі развіцця лічбавай рэальнасці.

У мерапрыемстве ўдзельнічаюць супрацоўнікі вядучых навуковых інстытутаў Беларусі і Расіі: Інстытута прыкладной матэматыкі імя М.Келдыша РАН, Інстытута філасофіі НАН, Інстытута філасофіі РАН, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.Ламаносава, Маскоўскага фізіка-тэхнічнага інстытута, Маскоўскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя М.Баумана, а таксама спецыялісты і эксперты па лічбавай эканоміцы.-0-

Навіны рубрыкі Эканоміка
Поўная версія