9 снежня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Краіны СНД здольны рэалізоўваць свой патэнцыял, сумяшчаючы агульныя мэты з нацыянальнымі інтарэсамі. Аб гэтым заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Расіі Ігар Петрышэнка сёння ў Маскве на пасяджэнні Эканамічнага савета СНД, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Ігар Петрышэнка ўзначальвае беларускую дэлегацыю на пасяджэнні.
"Не сумняваюся ў здольнасці краін Садружнасці сумесна рэалізоўваць існуючы патэнцыял, сумяшчаючы агульныя мэты з нацыянальнымі інтарэсамі", - сказаў пасол.
Ігар Петрышэнка выказаў упэўненасць, што Расія, прыняўшы эстафету старшынства ў СНД у Кыргызстана, прыкладзе ўсе магчымыя намаганні па павышэнні ролі Садружнасці ў свеце.
Ён падзякаваў першаму віцэ-прэм'еру Расіі Ігару Шувалаву за садзейнічанне расійскага боку ў рэстаўрацыі скульптурнай кампазіцыі "Працаўнікі Беларусі" ў беларускім павільёне на ВДНГ, а таксама ў афармленні арэнды зямельнага ўчастка, які прылягае да павільёна. "Сёння ў Беларусі захоўваецца магчымасць дэманстрацыі і пазіцыянавання на гэтай гістарычнай пляцоўцы свайго эканамічнага, навуковага і культурнага патэнцыялу", - сказаў дыпламат.
Цяперашняе пасяджэнне Эканамічнага савета СНД па прапанове пасла Беларусі ў Расіі Ігара Петрышэнкі ўпершыню праходзіць на пляцоўцы Дзелавога і культурнага комплексу пасольства Беларусі ў РФ. Як адзначыў выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў, у ім створаны ўсе неабходныя ўмовы для плённай работы.-0-