24 мая, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Работа над канцэпцыяй фарміравання агульнага фінансавага рынку Еўразійскага эканамічнага саюза можа завяршыцца ў 2019 годзе. Аб гэтым заявіў член Калегіі (міністр) па эканоміцы і фінансавай палітыцы Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Цімур Жаксылыкаў на пасяджэнні Кансультацыйнага савета па валютнай палітыцы нацыянальных (цэнтральных) банкаў дзяржаў - членаў ЕАЭС, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ЕЭК.
"У рабоце над канцэпцыяй фарміравання агульнага фінансавага рынку ЕАЭС дасягнуты істотны прагрэс. Мы з калегамі з урадаў і нацыянальных банкаў настроены завяршыць работу над дакументам у бягучым годзе", - сказаў Цімур Жаксылыкаў.
Асноўнай тэмай парадку дня пасяджэння стала абмеркаванне актуальных пытанняў стварэння агульнага фінансавага рынку. Бакі абмеркавалі пытанні інтэграцыі ў сектары рынку каштоўных папер, працэдуры ўзаемнага допуску ўдзельнікаў нацыянальных рынкаў на агульны фінансавы рынак, абароны правоў спажыўцоў фінансавых паслуг, інфармацыйнага ўзаемадзеяння і нагляду.
У пасяджэнні прынялі ўдзел кіраўнікі нацыянальных (цэнтральных) банкаў і іншых фінансавых рэгулятараў дзяржаў ЕАЭС.
У снежні 2016 года прэзідэнты краін ЕАЭС даручылі ўрадам і нацыянальным (цэнтральным) банкам сумесна з ЕЭК распрацаваць праект канцэпцыі фарміравання агульнага фінансавага рынку ЕАЭС. Канцэпцыя павінна вызначыць асноўныя мэты, задачы і ключавыя напрамкі фарміравання агульнага фінансавага рынку з пазначэннем этапаў і мерапрыемстваў па іх рэалізацыі, прававую аснову яго функцыянавання, парадак інфармацыйнага ўзаемадзеяння і адміністрацыйнага супрацоўніцтва рэгулятараў фінансавага рынку, задачы і паўнамоцтвы наднацыянальнага органа па рэгуляванні агульнага фінансавага рынку ЕАЭС.-0-