Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
23 мая 2018, 17:42

Каля палавіны вырабленай у Беларусі лесапрамысловай тэхнікі экспартуецца

23 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Каля палавіны вырабленай у Беларусі лесапрамысловай тэхнікі пастаўляецца на экспарт, паведаміў сёння журналістам намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка ў час міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі "Лесдрэўтэх-2018", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы стварылі ў Беларусі сваю сістэму вытворчасці машын для догляду лесу, лесанарыхтоўчых работ. Тым самым вырашылі не толькі праблему пераўзбраення нашай лясной гаспадаркі, але і забяспечылі пастаўкі на замежныя рынкі. Пастаўка такой тэхнікі стала адной з асноўных крыніц нашага экспарту. Мы экспартуем гэту тэхніку перш за ўсё ў Расію, але прадукцыя пастаўляецца і ў іншыя краіны ЕАЭС, СНД, некаторыя еўрапейскія краіны. Не менш за 50 працэнтаў прадукцыі, вырабленай нашымі прадпрыемствамі, экспартуецца. У далейшым гэты працэнт будзе павялічвацца, паколькі мы блізкія да насычэння ўласнага рынку гэтай тэхнікай", - сказаў Уладзімір Сямашка.

Ён таксама адзначыў, што ў Беларусі за апошнія гады значна павялічыўся аб'ём нарыхтоўкі і перапрацоўкі драўніны. Гэта звязана з мадэрнізацыяй дрэваапрацоўчых вытворчасцей. "Мы атрымалі аддачу ад мадэрнізацыі плітных заводаў: захавалі рабочыя месцы і атрымалі дадатнае знешнеэканамічнае сальда па плітнай прадукцыі", - падкрэсліў намеснік прэм'ер-міністра.

У 2017 годзе ў сістэме лясной гаспадаркі было нарыхтавана амаль 18 млн куб.м драўніны. "Мы павінны выйсці на нарыхтоўку і перапрацоўку 25-27 млн куб.м драўніны ў год, паколькі ўводзім у гэтым годзе магутны завод па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы ў Светлагорску і, спадзяюся, увядзём завод па вытворчасці кардону ў Добрушы", - дадаў Уладзімір Сямашка.

Міжнародная спецыялізаваная выстаўка "Лесдрэўтэх-2018" праходзіць 23-25 мая ў ГЛЦ "Глобус Парк" у аграгарадку Шчомысліца (Мінскі раён). Міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа адзначыў, што тэматыка выстаўкі крыху змянілася: больш увагі ўдзяляецца не дрэваапрацоўцы, а тэхніцы для лесапрамысловага комплексу і лясным гаспадарчым работам.

Форум сабраў экспертаў і прадстаўнікоў кампаній ляснога сектара з Беларусі, Расіі, Швецыі, Фінляндыі, Польшчы, Германіі і іншых краін. Усяго прадстаўлена больш за 60 экспанентаў. У іх ліку арганізацыі Мінлясгаса. На працягу трох дзён будуць працаваць стэнды ўсіх дзяржаўных вытворчых лесагаспадарчых аб'яднанняў, прадпрыемстваў "Белдзяржлес", "Беллесэкспарт", Рэспубліканскага цэнтра павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў лясной гаспадаркі.

У праграме прэзентацыя тэхнікі і тэхналогій для вырошчвання і нарыхтоўкі лесу, збору, дастаўкі і перапрацоўкі адходаў лесанарыхтоўкі і дрэваапрацоўкі. Прадстаўлена абсталяванне для лесапасадак, інструменты і сродкі абароны ляснога фонду ад шкоднікаў і пажараў, шматаперацыйная лесанарыхтоўчая тэхніка (форвардары, харвестары, лесавозы, сартыментавозы, пагрузчыкі і іншыя). Запланаваны сустрэчы з вытворцамі і экспертамі, кансультацыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі