Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
31 студзеня 2018, 18:11

Кабякоў задаволены дынамікай росту тавараабароту Беларусі і Грузіі

31 студзеня, Мінск /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў задаволены дынамікай росту тавараабароту Беларусі і Грузіі. Аб гэтым ён заявіў сёння на сустрэчы з першым віцэ-прэм'ер-міністрам - міністрам эканомікі і ўстойлівага развіцця Грузіі Дзмітрыем Кумсішвілі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы лічым, што Грузія для Беларусі - адзін з важнейшых партнёраў на Каўказе, і мы са свайго боку прыкладзём максімум намаганняў для таго, каб нашы адносіны, як гандлёва-эканамічныя, так і гуманітарныя і іншыя, паступальна і паслядоўна развіваліся, - сказаў Андрэй Кабякоў. - У нас шырокі спектр узаемадзеяння. Гэта і прамысловасць, і сельская гаспадарка, і нафтахімія, і фармацэўтыка, гуманітарнае супрацоўніцтва. Мы даволі нядрэнную дынаміку паказалі ўзаемнага тавараабароту - у гэтым годзе будзе больш за $100 млн. Задачу кіраўнікі дзяржаў паставілі $200 млн, таму мы на сярэдзіне шляху, але дынаміку добрую абазначылі".

Андрэй Кабякоў адзначыў важнасць цяперашняй сустрэчы ў сувязі з падрыхтоўкай візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Грузію, якая плануецца ў бліжэйшы час. "Мы лічым, што гэты візіт павінен мець змястоўны, канструктыўны і, увогуле, лёсавызначальны характар для далейшага руху наперад у нашых двухбаковых адносінах", - сказаў прэм'ер.

Ён выказаў надзею, што грузінскія партнёры ўжо змаглі па заслугах ацаніць "швейцарскія паязды па беларускіх цэнах", маючы на ўвазе пастаўкі ў Грузію тэхнікі "Штадлер". "Спадзяюся, тэхніка вам спадабалася. Грузавая, сельскагаспадарчая тэхніка, нафтахімічная прадукцыя - гэта тое, што мы можам прапанаваць, і тое, што, лічым, можа быць запатрабавана на вашым рынку. Мы лічым, што сумесная рэалізацыя значных праектаў - гэта магчымасць для далейшага росту нашых адносін", - сказаў Андрэй Кабякоў.

Прэм'ер канстатаваў, што беларускаму боку вядома аб планах Грузіі па сур'ёзнай мадэрнізацыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Створана сумесная беларуска-грузінская вытворчасць ліфтавага абсталявання. "Яна функцыянуе і нават выйграла тэндар у Казрэці, - адзначыў Андрэй Кабякоў. - Але мы лічым, што гэта толькі самы пачатак. Мы з вамі гаварылі аб тым, што кропка бясстратнасці ліфтавай гаспадаркі - каля 250 адзінак у год".

Паводле слоў прэм'ер-міністра, вядзецца работа па рэалізацыі разліву беларускай і грузінскай алкагольнай прадукцыі на прадпрыемствах Грузіі і Беларусі. Андрэй Кабякоў таксама абазначыў добрыя перспектывы супрацоўніцтва ў аграрнай сферы. "Ёсць зацікаўленасць у рэалізацыі праектаў па стварэнні селекцыйна-племянных цэнтраў па жывёлагадоўлі", - сказаў ён.

Таксама кіраўнік беларускага ўрада адзначыў зацікаўленасць грузінскага боку ў набыцці беларускай выратавальнай тэхнікі. "Мы прапануем не толькі тэхніку, але і тэхналогію прымянення гэтай тэхнікі, каб не проста прадаць, а вы нешта купілі - вы павінны атрымаць прадукт, які забяспечыць выкананне тых задач, якія, на жаль, час ад часу здараюцца. Наша сумесная работа ў Баржомскай цясніне ў мінулым годзе, з аднаго боку, сама па сабе была няпростай, з другога боку, паказала магчымасці беларускай тэхнікі. Мы гатовы з прапанаваннем добрага фінансавага механізма на дастаткова канкурэнтных умовах прадаставіць адпаведную тэхніку і навучыць яе выкарыстанню", - запэўніў ён.

Гаворачы пра праекты ў гуманітарнай сферы, Андрэй Кабякоў адзначыў папулярнасць сярод мінчан свята грузінскай культуры "Тбілісоба", у мінулым годзе ў Грузіі з поспехам прайшлі Дні культуры Беларусі. "Беларусь таксама заўсёды зацікаўлена ў развіцці турыстычнага напрамку. Многія беларусы пабывалі ў Батумі, даюць вельмі добрую характарыстыку, следам паедуць іншыя беларусы", - дадаў Андрэй Кабякоў.

У цэлым прэм'ер-міністр падкрэсліў наяўнасць добрых перадумоў для паспяховай работы міжурадавай беларуска-грузінскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве, пасяджэнне якой адбудзецца сёння ў Мінску. "Мы запрашаем вас да самай сур'ёзнай змястоўнай размовы", - сказаў ён.

Дзмітрый Кумсішвілі падзякаваў Андрэю Кабякову за сустрэчу. "У першую чаргу я хачу адзначыць неацэнны ўклад вашага Прэзідэнта, які некалькі гадоў таму даў імпульс развіццю двухбаковых адносін, калі пабываў у Грузіі. Была створана міжурадавая камісія, якая працуе вельмі эфектыўна. Гэта стварае фундамент для нашага далейшага яшчэ больш актыўнага ўзаемадзеяння", - сказаў ён.-0-

Фота Мікалая Пятрова.

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі