Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
03 мая 2018, 16:34

Кабякоў: за неэфектыўнае выкарыстанне дзяржпадрымкі дырэктары прадпрыемстваў пазбавяцца пасад

3 мая, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. За неэфектыўнае выкарыстанне дзяржпадтрымкі дырэктары прадпрыемстваў пазбавяцца пасад. Аб гэтым сёння пасля завяршэння нарады ў Прэзідэнта расказаў журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.

"Што датычыцца кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія дапусцілі невыкананне ўмоў прадастаўлення дзяржаўнай падтрымкі, то яны адназначна не будуць прадаўжаць работу на гэтых прадпрыемствах. І ў іх будзе вялікая праблема з працаўладкаваннем на кіруючыя пасады ў краіне. Гэта прынцыповая пазіцыя і Прэзідэнта, і ўрада", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.

Андрэй Кабякоў адзначыў, што па шэрагу прадпрыемстваў узнікаюць праблемы, звязаныя з выкананнем імі важных узнаўленчых функцый. "Калі бізнес-планы, якія прадугледжваліся пры прыняцці рашэнняў па інвесціраванні ў гэтыя прадпрыемствы, прыцягненні крэдытных рэсурсаў, не ў поўным аб'ёме спрацавалі і маюць значныя адхіленні, то па кожным такім прадпрыемстве будзе вывучацца сітуацыя, прычыны і вынік тых ці іншых памылак. Перш за ўсё, будзе персаніфікаваная адказнасць", - сказаў ён.

Разам з гэтым прэм'ер-міністр адзначыў, што дзяржава як уласнік, які валодае вытворчымі актывамі, павінна прымаць меры для таго, каб яны функцыянавалі эфектыўна. "Пытанне, якія гэта меры павінны быць. Перш за ўсё, арганізацыйнага характару - навядзенне парадку, дысцыпліна, зніжэнне затрат і ўдзелу пасрэдніцкіх структур у забеспячэнні як неабходнымі рэсурсамі для вытворчасці, так і пры продажы гатовай прадукцыі", - лічыць Андрэй Кабякоў.

Паводле яго слоў, дзяржпадтрымка ў выглядзе грашовых сродкаў будзе аказвацца толькі ў выключных выпадках. Такія рашэнні будуць прымацца індывідуальна. "Па кожным прадпрыемстве з адпаведнымі мерамі адказнасці будзе разглядацца пад павелічальным шклом. Па-добраму (гэта павінны пачуць кіраўнікі рэгіёнаў, прадпрыемстваў, галін), наогул лепш такія прапановы не ўносіць. А калі ўносіць, то за кожную коску і лічбу будзе строгая адказнасць", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.

Андрэй Кабякоў адначасова адзначыў і заслугу айчынных прадпрыемстваў у пытанні забеспячэння выканання даходнай часткі бюджэту і дадатнай дынамікі ў эканоміцы краіны ў цэлым. "Гэта ў тым ліку, і нават перш за ўсё, работа прамысловага комплексу краіны - і прамысловасці, і будаўніцтва, і транспарту, і дзяржаўных, і прыватных прадпрыемстваў. Гэта сведчыць аб тым, што сапраўды на бягучы момант ідзе ўстойлівы эканамічны рост", - сказаў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі