Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
31 ліпеня 2018, 17:08

Кабякоў аб выніках I паўгоддзя: ВУП расце хутчэй за прагноз, усе важнейшыя паказчыкі выконваюцца

31 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ВУП Беларусі расце хутчэй за прагноз, усе важнейшыя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця выконваюцца. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў сёння на пасяджэнні Савета Міністраў, дзе разглядаюцца вынікі работы эканомікі Беларусі за першае паўгоддзе і меры па выкананні пастаўленых задач на 2018 год, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У цэлым вынікі работы эканомікі ў першым паўгоддзі 2018 года пазітыўныя. Выконваюцца ўсе важнейшыя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця, зацверджаныя кіраўніком дзяржавы. Сацыяльныя гарантыі дзяржавы насельніцтву выконваюцца. Захоўваецца даволі добрая дынаміка росту", - адзначыў Андрэй Кабякоў.

Па тэмпе росту ВУП паказчык вышэйшы за прагноз - 104,5 працэнта пры прагнозе 102,8 працэнта. Ва ўсіх рэгіёнах адзначаецца рост валавога рэгіянальнага прадукту і прадукцыйнасці працы.

Дадатны рэзультат і па ўсіх секцыях відаў эканамічнай дзейнасці. У апрацоўчай прамысловасці плюс 7,9 працэнта - рост забяспечваецца па ўсіх без выключэння 13 падсекцыях, у будаўніцтве - 7,5 працэнта, у гандлі (аптовым і рознічным) - 7,8 працэнта, у сельскай гаспадарцы і транспартнай дзейнасці - 3,9 працэнта і 3,7 працэнта адпаведна. Вытворчасць машын і абсталявання павялічылася на 19,2 працэнта, транспартных сродкаў - на 13,7 працэнта, прадукцыі дрэваапрацоўкі - на 14,8 працэнта, фармацэўтычнай прадукцыі - на 11,9 працэнта.

Захоўваецца баланс у знешнім гандлі. Сальда па таварах і паслугах (за 5 месяцаў) дадатнае - плюс $310 млн, або 1,4 працэнта да ВУП. "Рэзультат крыху лепшы, чым у мінулым годзе, прычым ён атрыманы за кошт прыросту экспарту тавараў і паслуг, перш за ўсё ў краіны па-за СНД", - звярнуў увагу Андрэй Кабякоў. Акрамя экспарту энергетычных тавараў, у гэтыя краіны нарасцілі аб'ёмы экспарту трактароў, грузавых машын, шын, металапракату, мэблі і прадукцыі дрэваапрацоўкі, лакаў і фарбаў, ільняных тканін, тавараў малакаперапрацоўкі і іншых. Усяго экспарт тавараў і паслуг большы, чым за 5 месяцаў мінулага года, на $3 млрд (плюс $2,4 млрд - па таварах і $0,6 млрд - па паслугах). Практычна палавіна прыросту экспарту тавараў сфарміравана за кошт росту фізічных аб'ёмаў.

Нізкі ўзровень інфляцыі разам з іншымі мерамі макрабалансіроўкі даюць магчымасць зніжаць кошт крэдытных рэсурсаў для эканомікі. Стаўка рэфінансавання Нацбанка ў чэрвені зніжана да 10 працэнтаў гадавых. Новыя крэдыты для юрыдычных асоб у рублях (без уліку льготных) у чэрвені выдаваліся пад 11,3 працэнта гадавых.

Кіраўнік урада адзначыў, што стабільнасць на валютным, крэдытна-дэпазітным і фінансавым рынках захоўваецца, давер да нацыянальнай валюты паступова расце. Тэрміновыя рублёвыя зберажэнні насельніцтва за першае паўгоддзе 2018 года павялічыліся на Br412 млн. Іх доля ў агульным аб'ёме зберажэнняў насельніцтва вырасла на 3 працэнтныя пункты.

На ўнутраным валютным рынку за першае паўгоддзе сфарміравалася дадатнае сальда куплі-продажу валюты ў аб'ёме $320 млн. Насельніцтва на чыстай аснове прадало амаль $800 млн, юрыдычныя асобы купілі $480 млн.

Андрэй Кабякоў нагадаў, што ўрад даручаў кіраўнікам прыняць меры па зніжэнні ставак па раней прыцягнутых крэдытах і змяненні валюты крэдытавання. "Недапушчальна, калі дзеючыя стаўкі па раней выдадзеных крэдытах значна перавышаюць бягучы ўзровень кошту крэдытных рэсурсаў. Больш таго, калі кампенсацыя працэнтаў па такіх крэдытах ажыццяўляецца за кошт бюджэту", - падкрэсліў кіраўнік урада, даручыўшы віцэ-прэм'ерам разабрацца з сітуацыяй.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі