Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
24 студзеня 2018, 10:29

ЕЭК правядзе конкурс праектаў еўразійскіх лічбавых платформ

24 студзеня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Еўразійская эканамічная камісія (ЕЭК) правядзе конкурс праектаў еўразійскіх лічбавых платформ, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ЕЭК.

Мэты, задачы і крытэрыі адбору праектаў для конкурсу былі вызначаны ў час праведзенай у Маскве фарсайт-сесіі. Сярод крытэрыяў заяўлены ў тым ліку магчымасць укараніць рашэнне больш як у адной краіне Еўразійскага эканамічнага саюза, рэнтабельнасць праекта, тэрмін рэалізацыі (не больш як паўтара года), якасць сфарміраванай каманды і шэраг іншых.

На думку экспертаў, у прыярытэце павінны быць таксама праекты, якія садзейнічаюць узмацненню канкурэнтаздольнасці краін ЕАЭС і ўмацаванню ўнутранага рынку. Важным крытэрыем з'яўляецца эканамічная прапрацаванасць ідэі, наяўнасць працуючага прататыпу, маркетынгавай стратэгіі, актуальнасць або навізна ідэі. Якасць сфарміраванай каманды будзе ацэньвацца, у прыватнасці, па ступені ўкладання ўласных сродкаў у рэалізацыю, веданні прадмета, вопыце рэалізацыі работ па профілі, наяўнасці ў камандзе распрацоўшчыка і маркетолага і г.д. У праекце будзе адзначана і наяўнасць арганізацыйнага контуру, які падтрымлівае рэалізацыю ідэі, - супрацоўніцтва з адміністрацыямі рознага ўзроўню, бізнес-супольнасцямі, ВНУ.

Член Калегіі (міністр) па ўнутраных рынках, інфарматызацыі, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях ЕЭК Карынэ Мінасян адзначыла, што конкурс дапаможа выявіць праекты, здольныя ўнесці сапраўды значны ўклад у рэалізацыю асноўных напрамкаў лічбавага парадку дня ЕАЭС. "Мы спадзяёмся, што конкурс будзе садзейнічаць стварэнню сеткі цэнтраў кампетэнцый у ЕАЭС, якія ў далейшым будуць самастойна паміж сабой супрацоўнічаць па пытаннях лічбавага парадку дня, - заявіла Карынэ Мінасян. - Цяпер кожная краіна саюза самастойна рэалізуе свой парадак дня, але мы бачым, што іх ажыццяўленне магчыма прасцей і хутчэй з дапамогай сумесных праектаў".

Конкурс інавацыйных праектаў "Еўразійскія лічбавыя платформы" праводзіцца ўпершыню. Праекты будуць спаборнічаць у чатырох намінацыях: "Лічбавая будучыня ЕАЭС", "Лепшыя тэхналагічныя рашэнні", "Еўразійскія лічбавыя праекты", "Лепшая гульня на тэму лічбавай эканомікі і ЕАЭС". Пераможцы будуць прадстаўлены на форуме "Еўразійскі тыдзень - 2018" восенню ў Ерэване.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі