Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
25 мая 2018, 10:14

ЕЭК прапрацоўвае больш за дзесяць ініцыятыў лічбавага парадку дня ЕАЭС

25 мая, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Еўразійская эканамічная камісія прапрацоўвае больш за дзесяць ініцыятыў лічбавага парадку дня ЕАЭС. Аб гэтым заявіў старшыня Калегіі ЕЭК Тыгран Саркісян на панэльнай сесіі "Лічбавы парадак дня як фактар павышэння канкурэнтаздольнасці ЕАЭС", якая адбылася 24 мая на XXII Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе камісіі.

Тыгран Саркісян адзначыў, што лічбавы парадак дня ЕАЭС - вынік маштабнай сумеснай работы камісіі з бізнесам, цэнтрамі кампетэнцыі, прадстаўнікамі дзяржаўных органаў краін - удзельніц саюза, а таксама з міжнароднымі экспертамі. "Ад першых стратэгічных пасылаў на сумесным шляху да лічбавізацыі, абазначаных у заяве аб лічбавым парадку дня ў канцы 2016 года, мы падышлі да запуску інтэграцыйных праектаў у галіне лічбавай трансфармацыі эканомікі, - сказаў Тыгран Саркісян. - Сёння камісія прапрацоўвае больш за дзесяць ініцыятыў, што паступілі ад бізнесу і органаў улады дзяржаў - членаў ЕАЭС.

Паводле слоў старшыні Калегіі ЕЭК, сумесны лічбавы парадак дня ЕАЭС з'явіўся дзякуючы дакладнаму ўсведамленню агульных выклікаў для краін саюза і змяшчае вельмі вялікі патэнцыял эканамічнага росту. Па падліках Сусветнага банка, рэалізацыя лічбавага парадку дня саюза да 2025 года забяспечыць 8 млн рабочых месц, а таксама дазволіць бізнесу сэканоміць да $50 млрд.

"Дзякуючы сумеснаму лічбаваму парадку дня ЕАЭС у нас ёсць унікальная магчымасць - на пяцярых у бяспечным асяроддзі апрабаваць інавацыі, выпрацоўваць кансалідаваную пазіцыю, адстойваць яе на глабальным узроўні, уваходзіць у міжрэгіянальныя праекты і, што асабліва важна, ствараць у сябе ў ЕАЭС платформу для росту нашага бізнесу, для сумленнай канкурэнцыі і накаплення ўласных еўразійскіх лічбавых актываў", - падкрэсліў Тыгран Саркісян.

Як адзначыў віцэ-прэзідэнт Сусветнага банка па рэгіёне Еўропы і Цэнтральнай Азіі Сірыл Мюлер, праведзеныя банкам даследаванні дапамаглі дакладна вызначыць, што дывідэнды ад рэалізацыі краінамі ЕАЭС лічбавага парадку дня на рэгіянальным узроўні будуць значна большыя ў параўнанні з сітуацыяй, калі б лічбавую трансфармацыю дзяржавы саюза праводзілі толькі на нацыянальным узроўні.

"Мы былі нават здзіўлены, наколькі рознымі могуць быць вынікі, - сказаў Сірыл Мюлер. - І хачу адзначыць, што ЕАЭС і ЕЭК вельмі своечасова пачалі развіваць ідэю лічбавізацыі. Шэраг даследаванняў паказвае, што прыкладна 15,5 працэнта глабальнага ВУП у 2016 годзе было тым ці іншым чынам звязана з лічбавай эканомікай. Гэта доля будзе пастаянна павялічвацца, у бліжэйшыя некалькі гадоў яна дасягне ўжо 25 працэнтаў. Таму тэма - вельмі актуальная".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі