Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
10 студзеня 2019, 13:14

ЕБРР у 2018 годзе ўклаў у эканоміку Беларусі 360 млн еўра

10 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця ў 2018 годзе прафінансаваў у Беларусі 21 праект на суму больш як 360 млн еўра. Гэта лепшы вынік за ўвесь час работы банка ў краіне, паведаміў сёння журналістам кіраўнік прадстаўніцтва ЕБРР у Беларусі Аляксандр Піваварскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле папярэдніх разлікаў, Беларусь па выніках года ўвойдзе ў топ-10 самых актыўных краін з 38, дзе праводзіліся аперацыі банка. "Мінулы год быў самым паспяховым за ўсю гісторыю работы банка ў Беларусі", - адзначыў Аляксандр Піваварскі.

Сярод ключавых перспектыўных праектаў банка ў Беларусі Аляксандр Піваварскі назваў пілотны праект па мадэрнізацыі жылых дамоў для павышэння іх энергаэфектыўнасці. Разам з урадам банк разлічвае новыя падыходы па карпаратыўным кіраванні ў дзяржсектары.

У 2018 годзе каля 2/3 усяго аб'ёму аперацый прыпала на прыватны сектар, астатняе - на дзяржсектар. Гэтай прапорцыі банк мае намер прытрымлівацца і ў пяцігадовай перспектыве, развіццё прыватнага сектара застанецца для банка прыярытэтам, растлумачыў кіраўнік прадстаўніцтва ЕБРР у Беларусі.

У прыватнасці, у 2018 годзе быў выдзелены буйнейшы муніцыпальны крэдыт памерам 84 млн еўра "Мінскводаканалу", 5 млн еўра - для кампаніі па кіраванні цвёрдымі адходамі ў Пухавіцкім і Чэрвеньскім раёнах Мінскай вобласці, а таксама 42 млн еўра - на завяршэнне рэканструкцыі МКАД-2.

У прыватным сектары былі падпісаны крэдытныя пагадненні з шэрагам замежных і айчынных кампаній: на 50 млн еўра з вытворцам ДСП і мэблі ЗТАА "ВМГ Індустры", на 20 млн еўра з вытворцам мэблі ЗТАА "Мебелаін", на 20 млн еўра з ТАА "Еўрагандаль". У 2018 годзе ЕБРР стаў акцыянерам аграхолдынга "Сервалюкс", а таксама прадаставіў крэдыт на 5 млн еўра фармацэўтычнаму холдынгу "Аптэка груп".

У банкаўскім сектары ЕБРР прадоўжыў супрацоўніцтва з ААТ "Белінвестбанк", прадаставіўшы яму крэдыт на 50 млн еўра. Пачата работа па крэдытаванні ў беларускіх рублях.

ЕБРР падтрымаў развіццё аднаўляльнай энергетыкі ў краіне, прафінансаваўшы будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю чатырох біягазавых ЦЭЦ у Гродзенскай і Брэсцкай абласцях.

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця запусціў план дзеянняў "Зялёны горад" для Мінска, які дапаможа вызначыць мерапрыемствы і напрамкі інвестыцый для вырашэння прыярытэтных экалагічных праблем.

Урад і ЕБРР падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні адносна перадпрыватызацыйнага садзейнічання для ААТ "Крыніца" ў 2018-2020 гадах.

ЕБРР - шматбаковы банк, які садзейнічае развіццю прыватнага сектара і прадпрымальніцкай ініцыятывы ў 38 эканоміках на трох кантынентах. Акцыянерамі банка з'яўляюцца 67 краін, а таксама ЕС і Еўрапейскі інвестыцыйны банк. У цэлым з пачатку сваёй дзейнасці ў Беларусі ў 1992 годзе ЕБРР інвесціраваў больш за 2,4 млрд еўра ў 115 праектаў у розных галінах эканомікі краіны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі