Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
24 студзеня 2018, 12:01

ЕБРР плануе ў 2018 годзе павялічыць аб'ём фінансавання праектаў у Беларусі

24 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ЕБРР плануе ў 2018 годзе павялічыць аб'ём фінансавання праектаў у Беларусі, паведаміў журналістам кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця ў Беларусі Аляксандр Піваварскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Наш крэдытны партфель у Беларусі цяпер складае каля 500 млн еўра, спадзяюся, ён стане больш значным да канца гэтага года. У 2017 годзе аб'ём аперацый у Беларусі склаў 163 млн еўра (на 40 млн еўра больш, чым у 2016-м). Але наша мэта - прадаўжаць расці і наблізіцца да таго ўзроўню, які быў да крызісу 2014 года, гэта 250 млн еўра", - сказаў кіраўнік прадстаўніцтва ЕБРР. Пры гэтым ён удакладніў, што, калі будуць добрыя праекты, аб'ём фінансавання можа быць большы.

Аляксандр Піваварскі растлумачыў, што рост аб'ёму фінансавання ў Беларусі чакаецца за кошт некалькіх фактараў: па-першае, ЕБРР нарошчвае аперацыі ў прыватным сектары, па-другое, плануюцца вялікія праекты ў частцы прыватызацыі і дзяржаўна-прыватнага партнёрства (ДПП). У прыватнасці, ЕБРР чакае завяршэння здзелак па Банку Масква-Мінск і прадпрыемстве "Краснасельскбудматэрыялы".

Гаворачы аб рэалізацыі праекта ў сферы ДПП (рэканструкцыі аўтадарогі М10), кіраўнік прадстаўніцтва ЕБРР адзначыў, што ў бліжэйшы час беларускі ўрад павінен яго зацвердзіць. "І мы спадзяёмся праз пару месяцаў правесці ў Лондане мерапрыемства па запуску гэтага праекта. Што важна, ён можа прыцягнуць рэсурсы, якія сёння проста недаступныя ў Беларусі. Калі паглядзець на дыяпазон патэнцыяльных зацікаўленых удзельнікаў, то яны з самых розных рэгіёнаў. Напрыклад, ужо звярталіся кампаніі з Турцыі, Бразіліі. Гэта будзе новая крыніца фінансавання інфраструктуры ў краіне", - заявіў Аляксандр Піваварскі.

Акрамя таго, ЕБРР удзельнічае ў рэалізацыі суверэннага праекта па рэканструкцыі аўтадарогі Р80. "Гэта будзе адзін з першых суверэнных праектаў, якія праходзяць па новай стратэгіі банка. Раней у нас не было столькі магчымасцей для работы з дзяржсектарам Беларусі", - адзначыў Аляксандр Піваварскі. Ён дадаў, што дакладнай даты падпісання гэтага праекта пакуль няма, але плануецца, што гэта адбудзецца ў хуткім часе.

Кіраўнік прадстаўніцтва ЕБРР у Беларусі таксама паведаміў, што банк плануе некалькі цікавых праектаў у муніцыпальным сектары. "Мы цяпер абмяркоўваем цікавыя праекты па Мінску. Ёсць значны праект з Мінскводаканалам, які мы хочам рабіць сумесна з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам. Акрамя таго, недзе праз паўгода плануем завяршыць падрыхтоўку праекта па энергаэфектыўнасці жылых дамоў у беларускай сталіцы", - расказаў ён.

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця - буйнейшы інстытуцыянальны інвестар у эканоміку Беларусі. Сумарны аб'ём аперацый за ўвесь перыяд супрацоўніцтва набліжаецца да 2 млрд еўра.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі