Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
22 студзеня 2018, 18:31

Да 90 працэнтаў вырабленай у Беларусі пушніны штогод рэалізуецца на экспарт

22 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Да 90 працэнтаў вырабленай у Беларусі пушніны штогод рэалізуецца на экспарт, паведаміла сёння журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення інтэнсіфікацыі жывёлагадоўлі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Наталля Соніч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У Беларусі на прамысловай аснове развядзеннем пушных звяроў займаюцца 8 сельскагаспадарчых арганізацый. Шэсць з іх - у падпарадкаванні Белкаапсаюза, дзве - Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Штогод да 90 працэнтаў вырабленай пушніны рэалізуецца на экспарт", - сказала Наталля Соніч.

У 2015 годзе была перагледжана канцэпцыя развіцця зверагадоўчай галіны ў краіне. "Мы пераарыентаваліся на скандынаўскі генатып (караткавосцевая норка). Даўгавосцевая цяпер у сувязі з кан'юнктурай рынку не карыстаецца попытам. Гадоўля лісы і пясца была прыпынена", - адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення. Пры падтрымцы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання згодна з дзяржаўнай праграмай развіцця аграрнага бізнесу ў Беларусі на 2016-2020 гады выдзяляюцца бюджэтныя сродкі на патанненне закупак перспектыўнага племяннога маладняку норак з-за мяжы і на яго рэалізацыю ўнутры краіны. Завезеныя скандынаўскія племянныя караткавосцевыя норкі выкарыстоўваюцца для ўзнаўлення пагалоўя і павышэння прадукцыйнасці зверагаспадарак.

Белкаапсаюз паспяхова супрацоўнічае з буйнейшым еўрапейскім пушным аўкцыёнам Saga Furs OYJ у Хельсінкі (Фінляндыя). Купляюць беларускую пушніну брокеры з усяго свету. Пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў і Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання была праведзена атэстацыя зверагадоўчых арганізацый спажывецкай кааперацыі ў якасці пастаўшчыкоў пушна-футравай сыравіны на рынак Кітая. У 2016 годзе ў Кітай адгрузілі пушніны на суму больш як $1,5 млн, у студзені-лістападзе 2017-га - $770,7 тыс. Работа па дыверсіфікацыі рынкаў збыту прадаўжаецца.

Філіял "Гродзенская зверагаспадарка" ўнітарнага прадпрыемства "Белкаапзнешгандаль Белкаапсаюза" ў 2016 годзе рэалізаваў на экспарт у Расію першую партыю племяннога маладняку (970 галоў), што ў сярэднім дало магчымасць атрымаць у 2 разы больш даходаў, чым ад рэалізацыі шкурак у выглядзе сыравіны. Наталля Соніч падкрэсліла выгаднасць развядзення і рэалізацыі на экспарт племяннога маладняку.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі