Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
16 кастрычніка 2017, 17:15

Да 2020 года на рамонт і рэканструкцыю мясцовых аўтадарог плануецца накіраваць Br1,4 млрд

16 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Да 2020 года на рамонт і рэканструкцыю мясцовых аўтадарог плануецца накіраваць Br1,4 млрд, паведаміў сёння журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Мінтранса Аляксандр Галаўнёў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Галаўнёў нагадаў, што зацверджана Дзяржаўная праграма па развіцці і ўтрыманні аўтамабільных дарог у Беларусі на 2017-2020 гады. Важнай часткай гэтага дакумента стала падпраграма "Рэканструкцыя, рамонт і ўтрыманне мясцовых аўтамабільных дарог". "Усяго для выканання дарожных работ на мясцовай сетцы прадугледжваецца накіраваць каля Br1,4 млрд за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў, субвенцый з рэспубліканскага дарожнага фонду і крэдытаў Банка развіцця", - адзначыў ён.

Згодна з падпраграмай прадугледжана адрамантаваць і рэканструяваць не менш як 7 тыс. км мясцовых дарог і 2 809 пагонных метраў мастоў і пуцеправодаў. "Рашэнне аб першачарговым рамонце мясцовых дарог было прынята, зыходзячы з іх фактычнага стану. Але, паводле даных камісійных аглядаў, больш за 30 працэнтаў дарог патрабуюць неадкладнага рамонту - гэта каля 21 тыс. км", - паведаміў ён.

Пільная ўвага будзе звернута і на стан мастоў і пуцеправодаў. "Сёння з 3 034 маставых збудаванняў на мясцовых дарогах не адпавядаюць нарматыўным патрабаванням 1 954 масты, або 64 працэнты. І гэта ўплывае на прапускную здольнасць дарог", - падкрэсліў Аляксандр Галаўнёў.

Праграма змяшчае падрабязны пералік мясцовых дарог і збудаванняў, якія неабходна прывесці ў парадак. У прыватнасці, у Брэсцкай вобласці ў гэты пералік увайшло 1,062 тыс. км мясцовых аўтадарог, у Віцебскай - 956,2 км, Гомельскай - 1,4 тыс. км, Гродзенскай - 841,2 км, Мінскай - 1,897 тыс. км, Магілёўскай - 836,9 км.

"Нашай галоўнай задачай пры фарміраванні гэтай праграмы было зрабіць яе бездэфіцытнай у частцы забеспячэння бюджэтам. І таму 7 тыс. км было выбрана, зыходзячы з магчымасцей фінансавання як рэспубліканскага бюджэту, так і мясцовых. Прадугледжваецца прыцягненне крэдытаў Банка развіцця, але аб'ём крэдытаў вылічаны з улікам мяркуемага збору пошліны за ўдзел у дарожным руху: каб у далейшым гэтыя крэдыты можна было пагашаць з пошліны, прычым частка пошліны яшчэ заставалася на падтрыманне дарог. Гэта была карпатлівая фінансавая работа, мы ж не хацелі рабіць дэкларатыўную праграму, яна павінна быць забяспечана фінансамі", - падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог.

Аляксандр Галаўнёў звярнуў увагу, што вялікай праблемай пры выкананні праграмы з'яўляецца стан дарожна-будаўнічай тэхнікі. "Паводле нашых ацэнак, знос яе складае больш за 90 працэнтаў. І таму мы не маглі абысці гэту тэму", - канстатаваў ён і нагадаў, што Мінтранс прапануе накіраваць 10 працэнтаў сродкаў інавацыйных фондаў аблвыканкамаў на абнаўленне парку дарожна-будаўнічай тэхнікі. Акрамя таго, ведамства прапануе вярнуцца да практыкі выдзялення сродкаў рэспубліканскага дарожнага фонду на гэтыя мэты. Размова таксама можа ісці аб 10 працэнтах ад дарожнага фонду.

Як растлумачылі ў Мінтрансе, пры аднаўленні мясцовай сеткі дарог плануецца прымяняць сучасныя і эфектыўныя тэхналогіі, у тым ліку з выкарыстаннем цэменту: укладка пакрыццяў дарог з матэрыялаў, умацаваных цэментам і мадыфікуючымі дабаўкамі; укладка пакрыццяў з цвёрдых бетонных сумесей; халодны рэсайклінг. Прымяненне такіх тэхналогій дасць магчымасць не толькі павялічыць тэрмін службы мадэрнізаваных дарог, але і знізіць кошт рамонту.

Сетка мясцовых аўтамабільных дарог у Беларусі складае 70,9 тыс. км, з іх з цвёрдым пакрыццём - 59,4 тыс. км (83,7 працэнта ад агульнай працягласці), грунтавым - 11,5 тыс. км (16,3 працэнта адпаведна). Мясцовыя аўтамабільныя дарогі забяспечваюць транспартныя сувязі каля 23 тыс. населеных пунктаў, а таксама пад'езды да прамысловых, сельскагаспадарчых і іншых аб'ектаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі