Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
13 кастрычніка 2017, 10:15

Чым зоймецца новы Савет па развіцці прадпрымальніцтва

13 красавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Пасяджэнні новага Савета па развіцці прадпрымальніцтва будуць праводзіцца па меры неабходнасці, але не радзей як адзін раз у квартал, і штогадова да 1 сакавіка кіраўніку дзяржавы неабходна прадастаўляць справаздачу аб дзейнасці гэтай структуры, стане і перспектывах развіцця прадпрымальніцтва ў Беларусі. Гэтыя нормы змяшчае палажэнне аб Савеце па развіцці прадпрымальніцтва, якое зацверджана адпаведным указам Прэзідэнта.

Тэкст дакумента з дадаткамі афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Старшынёй савета назначаны кіраўнік Апарату Савета Міністраў Беларусі Аляксандр Турчын, а намеснікам - старшыня савета дырэктараў ТАА "Тытунь-інвест" Павел Тапузідзіс. У цэлым склад савета зацверджаны ў колькасці 26 чалавек. Сярод іх вядомыя ў краіне бізнесмены, прадстаўнікі дзяржустаноў, кіраўнікі бізнес-аб'яднанняў.

Вызначана, што Савет па развіцці прадпрымальніцтва з'яўляецца пастаянна дзеючым кансультатыўным органам пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, створаным для выпрацоўкі рэкамендацый па развіцці і комплекснай дзяржаўнай падтрымцы суб'ектаў гаспадарання недзяржаўнай формы ўласнасці ў мэтах структурнай перабудовы эканомікі, фарміравання канкурэнтных адносін і каардынацыі дзейнасці грамадскіх аб'яднанняў прадпрымальнікаў.

У ліку асноўных задач савета - падрыхтоўка прапаноў па ўдасканаленні і каардынацыі ў галіне развіцця і падтрымкі прадпрымальніцтва; вызначэнні прыярытэтных напрамкаў развіцця прадпрымальніцтва і яго падтрымцы; удасканаленні сістэмы падаткаабкладання суб'ектаў прадпрымальніцтва; стварэнні ў рэспубліцы спрыяльных умоў для прыцягнення айчынных і замежных інвестыцый; эфектыўным выкарыстанні фінансавых сродкаў, што накіроўваюцца на развіццё і падтрымку прадпрымальніцтва, уключаючы прыцягнутыя замежныя інвестыцыі; абароне правоў і законных інтарэсаў прадпрымальнікаў, удасканаленні сістэмы абагульнення і ўліку меркаванняў суб'ектаў прадпрымальніцтва; прапагандзе ў сродках масавай інфармацыі вопыту замежнага і айчыннага прадпрымальніцтва.

Савет будзе ўдзельнічаць у распрацоўцы дзяржаўнай, рэгіянальных, інвестыцыйных, інавацыйных і іншых праграм развіцця і падтрымкі прадпрымальніцтва; разглядаць і ўзгадняць праекты нарматыўных прававых актаў па пытаннях стымулявання і развіцця прадпрымальніцкай дзейнасці, накіроўваць у Саўмін і Мінэканомікі прапановы ў гэтай сферы.

Яшчэ адна важная задача - разгляд зваротаў суб'ектаў прадпрымальніцтва, аналіз прагназуемых вынікаў рэалізацыі рашэнняў дзяржорганаў, што датычацца пытанняў прадпрымальніцтва.

Савет атрымаў права ўносіць распрацоўшчыкам праектаў нарматыўных прававых актаў (у тым ліку тэхнічных) па пытаннях стымулявання і развіцця прадпрымальніцкай дзейнасці абавязковыя для разгляду прапановы па дапрацоўцы гэтых праектаў.

Члены савета таксама маюць права ўдзельнічаць у рабоце грамадска-кансультатыўных (экспертных) саветаў па развіцці прадпрымальніцтва ў якасці запрошаных або быць членамі такіх саветаў.

Устаноўлена, што савет ажыццяўляе сваю дзейнасць на грамадскіх пачатках, яго рашэнні маюць рэкамендацыйны характар. Савет правамоцны прымаць рашэнні пры ўмове прысутнасці на пасяджэнні большасці яго членаў. Рашэнні прымаюцца большасцю галасоў членаў савета, прысутных на пасяджэнні. У выпадку роўнасці галасоў прымаецца рашэнне, за якое прагаласаваў старшынствуючы на пасяджэнні.

Арганізацыйнае і інфармацыйнае забеспячэнне дзейнасці савета ажыццяўляецца Рэспубліканскім фондам садзейнічання развіццю прадпрымальніцтва ў адпаведнасці з яго статутам.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі