Поўная версія

БПБ-Ашчадбанк выдзеліць Br95 млн на адраснае субсідзіраванне будаўніцтва жылля

Эканоміка 14.02.2018 | 15:20

14 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. БПБ-Ашчадбанк у 2018 годзе выдзеліць Br95 млн на адраснае субсідзіраванне будаўніцтва жылля. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам намеснік старшыні праўлення банка па рознічным бізнесе Алег Бародка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Больш за Br130 млн мы запланавалі на 2018 год пад выдачу крэдытаў на нерухомую маёмасць, у тым ліку Br95 млн - на будаўніцтва жылля па ўказе нумар 240. Гэта сур'ёзныя інвестыцыі, якія грамадзяне могуць атрымаць у нашым банку. Калі мы ўбачым рост запатрабаванасці гэтага віду крэдытавання, у рамках нашага бізнес-плана зможам выходзіць на наглядальны савет і карэкціраваць у бок павелічэння тыя ці іншыя бізнес-паказчыкі. Гэта сума запланавана зыходзячы з ёмістасці рынку і нашага чакання патрэбнасці насельніцтва", - сказаў Алег Бародка.

БПБ-Ашчадбанк у 2017 годзе стаў лідарам на рынку фінансавання нерухомай маёмасці фізічных асоб. За мінулы год банк выдаў больш за 5 тыс. жыллёвых крэдытаў на Br250 млн - гэта ў чатыры разы больш, чым у 2016-м. Па выніках 2017 года БПБ-Ашчадбанк заняў другое месца сярод банкаў Беларусі па велічыні рознічных актываў.

Сёння ў Мінску па вул. Свярдлова, 24 адкрыўся цэнтр іпатэчнага крэдытавання БПБ-Ашчадбанка, у якім на працягу аднаго дня можна атрымаць жыллёвы крэдыт, правесці здзелку і зарэгістраваць аб'ект нерухомай маёмасці ў Мінску і Мінскім раёне. Цэнтр працуе па прынцыпе аднаго акна: у адным месцы кліенту прадаставяць пазыковыя рэсурсы, падрыхтуюць дакументы і аформяць здзелку, арганізавана рабочае месца дзяржаўнага рэгістратара Мінскага гарадскога агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры. Прыярытэтны напрамак - прадастаўленне насельніцтву крэдытаў з дзяржпадтрымкай па адрасным субсідзіраванні ў жыллёвым будаўніцтве па ўказе нумар 240.

Партнёрамі банка выступаюць 150 арганізацый-забудоўшчыкаў, у тым ліку 79 з Мінска і Мінскай вобласці. "Іх колькасць наўрад ці будзе павялічана, мы будзем працаваць над якасцю. У рамках гэтага партнёрства разглядаецца магчымасць забяспечваць крэдыты не толькі на нерухомую маёмасць, але і ў рамках спажывецкага крэдытавання да 10 гадоў, напрыклад, на рамонт жылля. Перагаворы ў гэтым напрамку вядуцца", - растлумачыў Алег Бародка.-0-

Навіны рубрыкі Эканоміка
Поўная версія