Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
05 снежня 2017, 10:19

Больш за 60 працэнтаў сельскіх населеных пунктаў Беларусі трапілі пад дзеянне ўказа аб развіцці гандлю

5 снежня, Мінск /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. Больш за 60 працэнтаў сельскіх населеных пунктаў Беларусі трапілі пад дзеянне ўказа нумар 345 "Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання". Аб гэтым паведаміла 4 снежня журналістам начальнік упраўлення гандлю, прамысловага і аграпрамысловага комплексу МАРГ Віялета Бразоўская, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У адпаведнасці з нормамі ўказа нумар 345, да 1 снежня рашэннямі абласных Саветаў дэпутатаў зацверджаны пералікі сельскіх населеных пунктаў, якія падпадаюць пад яго дзеянне. А значыць, што з 1 снежня 2018 года прадпрымальнікі, мікраарганізацыі і юрыдычныя асобы, якія плануюць альбо ўжо ажыццяўляюць там дзейнасць, змогуць скарыстацца льготамі і прэферэнцыямі, якія вызначыў указ", - расказала Віялета Бразоўская.

Найбольшую колькасць населеных пунктаў вызначыла Віцебская вобласць - 5 тыс. 676 (88 працэнтаў ад агульнай колькасці). Менш за ўсё сельскіх населеных пунктаў, што трапілі пад дзеянне ўказа нумар 345, устаноўлена ў Мінскай вобласці - усяго 424 (8 працэнтаў). У Брэсцкай вобласці ў пералік уключана 1 тыс. 499 сельскіх населеных пунктаў (70 працэнтаў ад агульнай колькасці), у Гомельскай - 1 тыс. 607 (72 працэнты), Магілёўскай - 1 тыс. 730 (60 працэнтаў), у Гродзенскай - 4 тыс. 259 (99,7 працэнта).

У залежнасці ад колькасці пражываючага насельніцтва, існуючай у рэгіёне гандлёвай інфраструктуры паказчыкі па раёнах адрозніваюцца. Напрыклад, у Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці ў пералік сельскіх населеных пунктаў, што падпадаюць пад дзеянне ўказа, уключана 87,3 працэнта (206 сельскіх населеных пунктаў з 236), у Лунінецкім - 22 працэнты (18 з 82). У Гомельскай вобласці ў Брагінскім і Буда-Кашалёўскім раёнах у пералік уключана па 77,9 працэнта ад агульнай колькасці сельскіх населеных пунктаў, у Веткаўскім раёне - 76,5 працэнта. "Гэта абумоўлена невялікай колькасцю пражываючага насельніцтва ў гэтых рэгіёнах, якія падлягалі адсяленню пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС", - растлумачыла Віялета Бразоўская.

"Мы ў кастрычніку-лістападзе правялі вялікую растлумачальную работу ў абласцях, расказалі, як гэтыя пералікі фарміраваць. Мы настройвалі мясцовыя органы ўлады, што неабходна скарыстацца нормамі ўказа і вызначыць гэтыя тэрыторыі для падтрымкі бізнесу", - адзначыла Віялета Бразоўская. Яна выказала надзею, што на працягу перыяду дзеяння ўказа - да 31 снежня 2022 года - пералікі будуць карэкціравацца ў бок павелічэння колькасці населеных пунктаў. "Але ўжо цяпер магу сказаць, што больш за 60 працэнтаў - гэта добрая лічба", - сказала Віялета Бразоўская.

Згодна з указам нумар 345, для юрыдычных асоб і ІП, якія ажыццяўляюць у сельскай мясцовасці рознічны гандаль, грамадскае харчаванне, бытавыя паслугі, а ў малых гарадах - грамадскае харчаванне і бытавыя паслугі, будуць устаноўлены паніжаныя стаўкі па падатку на прыбытак (для юрыдычных асоб) і па падаходным падатку з фізічных асоб (для ІП) у памеры 6 працэнтаў, для індывідуальных прадпрымальнікаў - плацельшчыкаў адзінага падатку - стаўка ў памеры 1 базавай велічыні ў месяц (цяпер 1 БВ складае Br23). Таксама прадугледжваецца вызваленне абаротаў ад ПДВ, вызваленне ад падатку на нерухомую маёмасць і зямельнага падатку (арэнднай платы) за ўчасткі, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці і выкарыстоўваюцца пад размяшчэнне аб'ектаў гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання ў сельскай мясцовасці.

Суб'екты гаспадарання, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, будуць мець права набываць аб'екты нерухомай маёмасці без правядзення аўкцыёну па рыначным кошце, прадаваць алкагольныя напіткі ў вёсцы ў магазінах незалежна ад велічыні гандлёвай пляцоўкі, а юрыдычныя асобы - і ў аўтамагазінах пры ўмове ўзгаднення маршруту і асартыменту. Цяпер ІП забаронена прадаваць алкаголь у розніцы, яны могуць гэта рабіць толькі ў аб'ектах грамадскага харчавання.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі