Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
19 красавіка 2017, 15:54

Больш за 50 працэнтаў навінак тэхнікі павінна экспартавацца - Сямашка

19 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за 50 працэнтаў новай тэхнікі, асвоенай беларускімі прадпрыемствамі, павінна экспартавацца. Аб гэтым заявіў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка сёння журналістам на прэзентацыі навінак камунальнай спецтэхнікі, арганізаванай на пляцоўцы ААТ "МАЗ", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У Беларусі адкрытая эканоміка, таму больш за 70 працэнтаў вырабленага ВУП мы павінны прадаваць на экспарт. У гэтым выпадку краіна будзе забяспечана фінансавымі рэсурсамі для набыцця неабходнай сыравіны. Таму калі мы асвойваем новую тэхніку, мы ставім задачу экспартаваць больш за 50 працэнтаў", - сказаў ён. Тым самым вырашаюцца дзве мэты: імпартазамяшчэнне і экспарт. Асноўнымі перавагамі беларускай тэхнікі віцэ-прэм'ер назваў даступную цану, надзейнасць, якасць і функцыянальныя магчымасці.

У ходзе азнаямлення з навінкамі камунальнай спецтэхнікі ААТ "МАЗ" Уладзімір Сямашка падкрэсліў, што прэзентацыя арганізавана спецыяльна для камунальных службаў рэспублікі, якія павінны ўбачыць, якой сучаснай тэхнікай для ажыццяўлення іх работы валодаюць машынабудаўнічыя прадпрыемствы.

Гаворачы аб новай каналапрамывачнай машыне МАЗ, створанай на беларускім шасі з навясным абсталяваннем вядучай дацкай кампаніі, ён адзначыў, што такая кааперацыя - натуральны ход. У Беларусі няма вопыту ў вытворчасці такога абсталявання, а для рынку трэба прапанаваць якасны прадукт. "Ва ўсім свеце так робіцца: калі ў нас, напрыклад, нармальнае шасі, то знаходзіцца фірма-партнёр і купляецца надбудова", - дадаў намеснік прэм'ер-міністра. Дарэчы, МАЗ супрацоўнічае ў гэтым напрамку з многімі вядучымі еўрапейскімі і кітайскімі вытворцамі навяснога абсталявання.

Уладзімір Сямашка таксама нагадаў аб пачатку будаўніцтва завода па вытворчасці абсталявання для спецтэхнікі ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень", які пабудуе кампанія Zoomlion. Прадпрыемства будзе вырабляць усю гаму спецтэхнікі - краны рознай грузападымальнасці, вакуумна-падмятальныя, смеццеўборачныя машыны. Намечана забяспечыць поўную лакалізацыю вытворчасці. Гэта натуральны шлях, каб хутка і ўпэўнена ўвайсці ў новы для нас рынак, заўважыў ён.

Паводле слоў віцэ-прэм'ера, цяпер Беларусь выходзіць з крызісу і рэцэсіі, што ідзе пасля яго. Прамысловасць па выніках першага квартала спрацавала на 104,3 працэнта. "Гэта добры паказчык, хоць былі гады з больш высокімі паказчыкамі. Паводле даных ААН, у агульнасусветнай прамысловай вытворчасці доля Беларусі вырасла з 0,049 працэнта да 0,113 працэнта - рост адбыўся ў 2,3 раза", - праінфармаваў Уладзімір Сямашка. Ён прывёў у прыклад МАЗ, тэмп росту вытворчасці якога расце ў параўнанні з мінулым годам. У 2016 годзе ў дзеючых цэнах тэмп росту склаў 130 працэнтаў, у першым квартале бягучага года - 172 працэнты, па ІФА (індэксе фізічных аб'ёмаў) - на ўзроўні 137 працэнтаў. "Гэта сведчыць аб тым, што эканоміка Беларусі падымаецца і гэтым момантам трэба скарыстацца, каб вярнуцца на тыя рынкі, дзе мы стабільна працавалі, умацоўвацца на іх, а таксама асвойваць новыя", - рэзюмаваў намеснік прэм'ер-міністра.-0-

Фота Максіма Гучака.

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі