Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
16 верасня 2019, 11:07

Бюджэт на навуковую дзейнасць у Беларусі ў 2020 годзе павялічаць на 16 працэнтаў

16 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ў 2020 годзе бюджэт на навуковую дзейнасць будзе павялічаны на 16 працэнтаў. Аб гэтым у эфіры тэлеканала СТБ паведаміў старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін, паведамляе БЕЛТА.

"Мы дабіліся пэўнага росту, хоць, вядома, гэта не значна - у наступным годзе нашы расходы на навуку будуць на 16 працэнтаў вышэйшыя", - сказаў кіраўнік ведамства.

Ён расказаў аб ходзе рэалізацыі дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця краіны на 2016-2020 гады. "Вынікі ёсць. Думаю, пяцігодку мы скончым так, як і планавалі, нават нейкія паказчыкі пастараемся перавыканаць", - адзначыў Аляксандр Шумілін. Паводле яго слоў, за час рэалізацыі дзяржпраграмы ў Беларусі вырасла колькасць суб'ектаў інавацыйнай інфраструктуры. Так, калі на пачатак пяцігодкі іх было 13, то сёння ўжо 26. 53 вытворчасці ўведзены ў эксплуатацыю, больш за 30 з іх ужо выйшлі на праектную магутнасць.

За гэтыя гады створана больш за 8,5 тыс. рабочых месцаў. Чакаецца, што да канца 2020 года гэта лічба павялічыцца да 11 тыс. Паводле слоў старшыні ДКНТ, "гэта сапраўды рабочыя месцы для будучыні, з зусім іншым узроўнем даходаў".

"Сёння мы ўжо вырабілі больш як на Br3 млрд інавацыйнай прадукцыі. І вельмі важна, што амаль 70 працэнтаў гэтай прадукцыі пастаўлена на экспарт", - дадаў Аляксандр Шумілін.

У інтэрв'ю былі закрануты і іншыя пытанні. У прыватнасці, гаварылі аб тым, як вырашаецца пытанне з неабходнасцю вяртання вучонымі бюджэтных сродкаў, патрачаных на распрацоўкі, якія ў выніку не былі выкананы. "Мы ў гэтым годзе ўжо крыху скарэкціравалі заканадаўства, прапісалі аб'ектыўныя прычыны, - расказаў Аляксандр Шумілін. - Прывяду прыклад: дапусцім, распрацоўвалася лякарства, у ім былі нейкія элементы. Затым выходзіць заканадаўства, якім такія элементы забаронены. Якая віна ў гэтым вучоных?"

Вядома ж, улічыць і прапісаць у дакуменце ўсе прычыны немагчыма. Таму права вырашаць такія пытанні дадзена камісіі па навукова-тэхнічнай палітыцы пры Савеце Міністраў пад кіраўніцтвам прэм'ер-міністра. Калі камісія вырашыць, што прычыны, па якіх распрацоўка так і не ўбачыла свет, сапраўды аб'ектыўныя, вяртаць затрачаныя на яе грошы не абавязкова.

"Пакуль мы напрацоўваем практыку прыняцця такіх рашэнняў", - адзначыў кіраўнік ДКНТ. Тым не менш, паводле яго слоў, ужо сёння вучоныя могуць звярнуцца ў камісію з тым, каб іх выпадак быў разгледжаны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі