Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
08 мая 2018, 14:42

Беларусь зацікаўлена ў сумесных з Японіяй праектах у сферы меднавукі і фармпрамысловасці - Малашка

8 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь зацікаўлена ў сумесных з Японіяй праектах у сферы медыцынскай навукі і фармацэўтычнай прамысловасці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА міністр аховы здароўя Беларусі Валерый Малашка, які ўзначаліў афіцыйную дэлегацыю беларускіх дзелавых колаў на першым беларуска-японскім эканамічным форуме.

Паводле слоў міністра, плануюцца сустрэчы ў Міністэрстве аховы здароўя, працы і дабрабыту Японіі, наведванне прадпрыемстваў, а таксама перагаворы з кіраўніцтвам фармацэўтычных кампаній Takeda Pharmaceuticals, Chukan Butsu, Shionogi Pharma і Ono Pharma. Беларуская дэлегацыя наведае і гарадскую бальніцу NTT Medical Center Tokyo.

Прадстаўнікі беларускай фармгаліны плануюць падпісаць мемарандумы аб супрацоўніцтве з японскімі фармацэўтычнымі кампаніямі. У перспектыве гэта дасць магчымасць рэалізаваць сумесныя праекты па лакалізацыі на пляцоўках беларускіх фармвытворцаў найбольш запатрабаваных для рынку краіны лексродкаў з партфеля вядучых японскіх вытворцаў. Не выключаны і перспектывы стварэння сумесных або замежных прадпрыемстваў з японскім інвестыцыйным капіталам па вытворчасці лексродкаў.

Важнейшая частка дзелавой паездкі - прэзентацыя інвестыцыйнага патэнцыялу Беларусі. Як падкрэсліў Валерый Малашка, будуць прэзентаваны выгадныя ўмовы работы ў індустрыяльным парку "Вялікі камень". Магілёўская вобласць прадставіць праекты ў сферы машынабудавання, электрамабіляў і высокатэхналагічнага медыцынскага абсталявання. Запланаваны рэгіянальная сустрэча "Магілёўская вобласць - прэфектура Осака", кантактна-кааперацыйная біржа, сустрэчы ў фармаце B2B. "Безумоўна, мы плануем вывучыць перспектывы супрацоўніцтва з японскімі кампаніямі ў сферах інфармацыйных і тэлекамунікацыйных тэхналогій, аўтаматызацыі і робататэхнікі, вытворчасці электрамабіляў і аўтакампанентаў, інвестыцыйнага супрацоўніцтва", - сказаў міністр.

У склад беларускай дэлегацыі ўвайшлі прадстаўнікі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава і Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта. У мерапрыемствах форуму прымуць удзел таксама прадпрыемствы "Бабуліна крынка", "Бабруйскі мясакамбінат", "Чырвоны харчавік", прадстаўнікі Магілёўскага аблспажыўсаюза, СЭЗ "Магілёў" і інш. Удзельнікамі форуму з японскага боку стануць прадстаўнікі Міністэрства эканомікі, гандлю і прамысловасці, Міністэрства аховы здароўя, працы і дабрабыту, Арганізацыі садзейнічання развіццю знешняга гандлю, кіраўнікі вядучых японскіх кампаній і арганізацый.

Форум, які адбудзецца ў Японіі 9-11 мая, арганізаваны Міністэрствам аховы здароўя пры падтрымцы пасольства Беларусі ў Японіі, Магілёўскага аблвыканкама, Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі, Арганізацыі садзейнічання развіццю знешняга гандлю Японіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі