Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
18 студзеня 2017, 17:01

Беларусь зацікаўлена ў новых праектах з аўстрыйскім "Кранаспанам" - Кабякоў

18 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь зацікаўлена ў новых праектах з аўстрыйскай групай кампаній "Кранаспан". Аб гэтым заявіў сёння прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў на сустрэчы з уладальнікам групы кампаній "Кранаспан" Пітэрам Кайндлам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік урада адзначыў, што Беларусь цэніць уклад інвестара ў развіццё эканомікі краіны. "Мы высока цэнім праекты, што рэалізуюцца вамі ў сферы дрэваапрацоўкі. Яны маюць прыярытэтны характар, мы імкнёмся ствараць як мага больш тавараў з высокай дабаўленай вартасцю з айчыннай сыравіны. Гэтаму крытэрыю адпавядаюць праекты, якія вы рэалізуеце ў нас у краіне", - сказаў Андрэй Кабякоў.

З 2012 па 2016 год "Кранаспан" інвесціраваў у беларускія праекты ў сферы дрэваапрацоўкі больш як $870 млн. На гэтыя аб'екты прыпадае амаль 20 працэнтаў ад агульнага аб'ёму выпуску прадукцыі дрэваапрацоўкі ў Беларусі і 25 працэнтаў экспарту.

"Урад зацікаўлены ў далейшай рэалізацыі вашых праектаў у Беларусі. Будзем вітаць пашырэнне бізнесу як у сферы дрэваапрацоўкі, так і па напрамках, якія вы палічыце для сябе важнымі і патрэбнымі", - падкрэсліў Андрэй Кабякоў. "Гатовы ўважліва выслухаць усе вашы прапановы, магчымыя просьбы, звязаныя з момантамі, якія перашкаджаюць працаваць і якія трэба адрэгуляваць", - дадаў прэм'ер-міністр.

Пітэр Кайндл у сваю чаргу канстатаваў, што група кампаній плануе развіваць дзейнасць у Беларусі і разлічвае, што ўрад зможа дапамагчы ў некаторых момантах. "Нам вельмі камфортна ў Беларусі. Я ўдзячны за падтрымку, якую мы атрымліваем на ўсіх узроўнях. І мы цэнім стабільнасць у краіне", - сказаў ён. Паводле яго інфармацыі, у бліжэйшыя 12-18 месяцаў "Кранаспан" плануе інвесціраваць яшчэ ад $50 млн да $200 млн у рамках існуючых праектаў і новых прапаноў, якія група кампаній гатова разгледзець.

Kronospan - транснацыянальная карпарацыя з аўстрыйскімі каранямі, што спецыялізуецца на дрэваапрацоўцы. Група кампаній "Кранаспан" мае звыш 40 вытворчых падраздзяленняў у 27 краінах. З'яўляецца адным з буйнейшых інвестараў у краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

У Беларусі "Кранаспан" стартаваў рэалізацыяй інвестпраекта ў Смаргоні. У 2012 годзе тут была запушчана вытворчасць пліт магутнасцю 750 тыс. куб.м у год, у 2013 годзе - лінія па вытворчасці пліт МДФ з гадавой прадукцыйнасцю 250 тыс. куб.м. Прадпрыемства таксама запусціла пяць ліній для ламініравання. У 2013 годзе "Кранаспан" пачаў стварэнне другога прадпрыемства ў Беларусі - ЗТАА "Kronospan ОSB" у СЭЗ "Магілёў". Акрамя таго, інвестар наладзіў на тэрыторыі СЭЗ "Магілёў" вытворчасць карбамідафармальдэгідных смол. У чэрвені 2016 года была выраблена першая партыя гэтай прадукцыі. Выхад на праектную магутнасць прадпрыемства запланаваны на 2019 год.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі