Поўная версія

Беларусь нацэлена на пашырэнне супрацоўніцтва і новыя праекты з ЕБРР - Кабякоў

Эканоміка 13.09.2017 | 17:24
Андрэй Кабякоў
Андрэй Кабякоў

13 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь нацэлена на пашырэнне супрацоўніцтва і рэалізацыю новых праектаў з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця, заявіў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў сёння на сустрэчы з прэзідэнтам ЕБРР Сумам Чакрабарці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы нацэлены на далейшае развіццё ўзаемадзеяння з ЕБРР і пашырэнне аперацый банка ў Беларусі як за кошт новых напрамкаў і фарматаў сумеснай работы, так і шляхам нарошчвання аб'ёмаў фінансавання па ўжо існуючых праектах", - адзначыў Андрэй Кабякоў.

Беларусь працуе з ЕБРР ужо 25 гадоў. За гэты час банкам у развіццё важнейшых сфер інвесціравана больш за 1,9 млрд еўра. З удзелам ЕБРР рэалізаваны знакавыя праекты, якія сталі своеасаблівай візітнай карткай банка, у іх ліку заводы "Штадлер", "Кронаспан".

"Бягучыя фінансавыя паказчыкі даюць магчымасць нам з пэўным аптымізмам разлічваць на далейшы рост аб'ёму аперацый ЕБРР у Беларусі, які ўжо ў гэтым годзе, паводле нашых ацэнак, можа скласці 200-250 млн еўра. З улікам стратэгіі на 2016-2019 гады, у якой зняты "калібраваны падыход", значна пашыраюцца магчымасці банка ў нашай краіне, - звярнуў увагу кіраўнік урада. - Ёсць упэўненасць у тым, што і ў дзяржаўным сектары мы таксама можам паказаць паспяховыя прыклады нашай з вамі сумеснай работы і рэалізаваць шэраг знакавых праектаў".

Цяпер актыўна вядзецца работа па перадпрыватызацыйнай падтрымцы арганізацый фінансавага і рэальнага сектараў эканомікі. "Найбольш значны праект у гэтым напрамку з адным з буйнейшых дзяржаўных банкаў ААТ "Белінвестбанк" знаходзіцца ў актыўнай стадыі рэалізацыі, і мы выказваем надзею на паспяховае яго завяршэнне ў намечаныя тэрміны і выкананне ўсіх плануемых мерапрыемстваў. Мы ўдзячны ЕБРР за магчымасць прыцягнуць фінансавыя сродкі для капіталізацыі ААТ "Белінвестбанк". У бліжэйшы час плануем завяршыць усе неабходныя працэдуры па ўзгадненні гэтага пытання з кіраўніком дзяржавы", - сказаў Андрэй Кабякоў.

Прэм'ер-міністр таксама адзначыў дапамогу Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця ў падрыхтоўцы да прыватызацыі ААТ "Крыніца" і "Блакіт". Што датычыцца супрацоўніцтва ў сферы ЖКГ, то работа актыўна ідзе наперад па праектах у водным сектары, пачата падрыхтоўка праектаў у сферы абыходжання з камунальнымі адходамі і энергаэфектыўнасці.

Акрамя таго, Беларусь ва ўзаемадзеянні з ЕБРР развівае механізмы дзяржаўна-прыватнага партнёрства (пілотны праект па рэканструкцыі аўтамабільнай дарогі М10). "Мы разлічваем, што з дапамогай Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця зможам паказаць добры прыклад рэалізацыі праектаў на ўмовах ДПП у нашай краіне. Мы спадзяёмся на падтрымку і экспертны патэнцыял банка ў гэтым пытанні. У цэлым хачу адзначыць, што развіццё транзітнага патэнцыялу краіны і транспартнай інфраструктуры мае для нас вялікае значэнне, і мы ўдзячны банку за дапамогу ў гэтым напрамку", - падкрэсліў кіраўнік урада.

У цэлым Беларусь гатова паглыбляць супрацоўніцтва з ЕБРР і рэалізоўваць новыя праекты па стратэгічна важных для краіны напрамках. "У нас з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця склаліся даверныя адносіны, мы разлічваем і ў далейшым разглядаць банк як надзейнага партнёра. З боку ўрада хацелася б запэўніць, што мы прыкладзём усе намаганні для замацавання дасягнутых за апошні час станоўчых тэндэнцый у сумеснай рабоце і дасягнення намечаных мэт і задач", - рэзюмаваў Андрэй Кабякоў.

Сума Чакрабарці ў сваю чаргу канстатаваў добрую дынаміку рэалізацыі праектаў з удзелам ЕБРР у Беларусі. "Змяненні, якія адбыліся з моманту майго мінулага візіту ў 2015 годзе, - гэта менавіта тое, чаго мы дабіваліся і аб чым дамаўляліся на нашай папярэдняй сустрэчы. Мы хацелі адысці ад традыцыйных устарэлых падыходаў і пачаць працаваць з Беларуссю па-новаму", - адзначыў прэзідэнт ЕБРР.-0-

Навіны рубрыкі Эканоміка
Фота з архіва МТЗ паставіць у Азербайджан у 2017 годзе дадаткова 460 трактароў
22 верасня, 19:55
Указ аб развіцці гандлю і грамадскага харчавання пасадзейнічае захаванню якаснага абслугоўвання ў вёсцы - Калтовіч
22 верасня, 18:50
МАРГ правядзе растлумачальную кампанію па ўказе аб развіцці гандлю і грамадскага харчавання ў вёсцы
22 верасня, 18:18
Першае ў Беларусі прадпрыемства па вытворчасці тармазных калодак адкрылася ў Старых Дарогах
22 верасня, 16:07
Менш праверак і штрафы для "кантралёраў" - Анфімаў расказаў, як зменіцца кантроль у бізнес-сферы
22 верасня, 15:35
Апублікаваны пералік відаў алкагольнай прадукцыі для конкурсу на права імпарту
22 верасня, 15:16
Фота з архіва У Беларусі распрацоўваецца ўказ аб павышэнні зарплат вучоных
22 верасня, 14:22
Палата падатковых кансультантаў ствараецца ў Беларусі
21 верасня, 17:43
Тэхзаданне на распрацоўку Нацыянальнай сістэмы беспапяровага гандлю будзе ў лістападзе-снежні
21 верасня, 17:13
Поўная версія