Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
29 кастрычніка 2019, 13:20

Беларусь і Расія плануюць у лістападзе-снежні падпісаць балансы паставак прадуктаў харчавання на 2020 год

29 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Расія плануюць у лістападзе-снежні падпісаць прагнозныя балансы попыту і прапанавання па пастаўках прадуктаў харчавання на 2020 год, паведаміў сёння журналістам міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоль Хацько ў час IV Экспартнага форуму "Беларусь мясная", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"На папярэдняй сустрэчы з міністрам сельскай гаспадаркі Расіі мы ўзгаднілі, што арыенціровачна ў лістападзе-снежні павінны падпісаць ужо балансы паставак на 2020 год. Будзем зыходзіць з нашых дамоўленасцей, планаў па павелічэнні вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі ў натуральным выражэнні. Будзем планаваць балансы паставак з пэўным ростам у параўнанні з 2019 годам. Мы рухаемся да павелічэння паставак як з боку Расіі да нас, так і з нашага боку на расійскі рынак", - сказаў Анатоль Хацько.

Ён падкрэсліў, што беларускі і расійскі бакі імкнуцца да выканання прагнозных балансаў на 2019 год. "Лічбы на гэты год у нас крыху карэкціруюцца па асобных таварных пазіцыях. Па адных мы падыходзім да выканання, па іншых падцягваемся", - адзначыў міністр.

Паводле яго слоў, Расія па-ранейшаму застаецца асноўным рынкам для паставак беларускіх прадуктаў харчавання, але тым не менш Беларусь імкнецца да дыверсіфікацыі экспарту. "Актыўна працуем над сертыфікацыяй нашых прадпрыемстваў, іх адкрыццём для паставак на кітайскі рынак. У бліжэйшы час плануецца падпісанне пратакольнага пагаднення з Кітаем па гэтых напрамках", - дадаў Анатоль Хацько.

Як паведамлялася, нядаўна Кітай акрэдытаваў сем беларускіх вытворцаў рыбнай прадукцыі. Доступ на кітайскі рынак атрымалі СП "Санта-Брэмар" ТАА, ТАА "Баранцава", ТАА "Камчацкая рыба", ЗАТ ""ДГ-Цэнтр", СТАА "Смак рыбы плюс", ТАА "Неафіш" і ПВУП "15 авеню", якія з 22 кастрычніка атрымалі магчымасць пастаўляць у КНР прыгатаваную і кансерваваную рыбную прадукцыю.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі