11 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Малдова могуць пашырыць супрацоўніцтва ў галіне прамысловай кааперацыі, паведаміў сёння прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў у час сустрэчы з прэм'ер-міністрам Малдовы Паўлам Філіпам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У гэтым годзе спаўняецца 25 гадоў нашым дыпламатычным адносінам, і трэба адзначыць, што мы маем нядрэнныя зрухі па шырокім спектры супрацоўніцтва, у тым ліку гандлёва-эканамічнага. Пры гэтым у нас яшчэ ёсць дадатковыя напрамкі для ўзаемадзеяння. Перш за ўсё мы разлічваем на пашырэнне паспяхова рэалізуемых праектаў у галіне прамысловай кааперацыі", - адзначыў прэм'ер-міністр Беларусі.
Андрэй Кабякоў растлумачыў, што размова можа ісці аб пашырэнні зборачных вытворчасцей трактарнай тэхнікі. "Цяпер каля 70 працэнтаў трактароў да 130 к.с. у Малдове - беларускія, але мы плануем пашыраць зборку", - дадаў ён.
Кіраўнік беларускага ўрада адзначыў і такія сумесныя праекты, як вытворчасць тралейбусаў, аўтобусаў МАЗ у Малдове. "Мы зацікаўлены ўдзельнічаць у праграме дарожнага будаўніцтва, якая актыўна абмяркоўваецца ў вашай краіне. Тэма не здымаецца з парадку дня", - заявіў Андрэй Кабякоў.
Як адзначыў віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы, беларускія спецыялісты працуюць ужо на чатырох участках аўтадарог у Малдове. "Нядаўна адкрыўся яшчэ адзін праект, і яшчэ 52 км дарогі там будуць рабіць нашы спецыялісты", - сказаў ён.
Раней малдаўскі бок заявіў аб запрашэнні ў адрас Прэзідэнта Беларусі наведаць Малдову ў першым паўгоддзі 2018 года. Андрэй Кабякоў паведаміў, што бакі цяпер прапрацоўваюць тэрміны візіту і плануемы парадак дня.
"Мы будзем садзейнічаць далейшаму развіццю нашага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва - лічым, што гэта супрацоўніцтва сур'ёзнае і надоўга. І гэта не бярэцца пад сумненне ніводным з бакоў", - канстатаваў прэм'ер-міністр Беларусі.
Прэм'ер-міністр Малдовы Павел Філіп падкрэсліў, што цяперашні візіт у Беларусь - цудоўная магчымасць не толькі прыняць удзел у мерапрыемствах у рамках ЦЕІ, але і абмеркаваць двухбаковыя пытанні, якія ёсць у парадку дня. "Мне прыемна адзначыць, што ў нас ёсць дадатная дынаміка і ёсць вынікі", - рэзюмаваў ён.-0-