11 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Карэлія (РФ) распрацоўваюць план мерапрыемстваў па развіцці супрацоўніцтва на 2019-2021 гады, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі.
Чакаецца, што план на 2019-2021 гады будзе падпісаны ў лістападзе на пасяджэнні рабочай групы ў Мінску. Падрыхтаваны праект дакумента, які складаецца з трох блокаў: гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, супрацоўніцтва ў сферы дарожнай гаспадаркі і ў гуманітарнай сферы.
Міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа ўзначальвае беларускую частку рабочай групы па супрацоўніцтве Беларусі і Карэліі. Напярэдадні ён прывітаў дэлегацыю рэспублікі, якая прымае ўдзел у V Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Магілёве.
У 2017 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Карэліяй склаў $21 млн. У бягучым годзе эксперты фіксуюць рост гандлёвай актыўнасці - плюс 30 працэнтаў за студзень-ліпень у параўнанні з аналагічным перыядам 2017 года. Аснову беларускага экспарту складаюць грузавыя аўтамабілі, артапедычныя прыстасаванні для лячэння пераломаў, пратэзы, цукар, а аснову імпарту - арматура для трубаправодаў, шыны, каніфоль, смаляныя кіслоты, іх вытворныя і інш.-0-