16 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Германія ў 2018 годзе могуць выйсці на $3 млрд тавараабароту, заявіў у эфіры тэлеканала "Беларусь 1" Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў ФРГ Дзяніс Сідарэнка, паведамляе БЕЛТА.
"У эканамічным плане дынаміка нашых адносін вельмі і вельмі пазітыўная. Мы бачым, што ў гэтым годзе зможам, хутчэй за ўсё, выйсці на ўзровень $3 млрд у гандлі паміж краінамі", - сказаў Дзяніс Сідарэнка.
У ліку беларускіх тавараў, якія шырока вядомы ў Германіі, ён назваў тэхніку Мінскага трактарнага завода. "Традыцыйна ва ўсходніх землях, у невялікіх фермерскіх гаспадарках наш трактар даволі актыўна выкарыстоўваўся і па-ранейшаму мае вельмі добрую рэпутацыю. У нямецкай тэрміналогіі асноўная характарыстыка гучыць як "яго нельга зламаць", - адзначыў пасол, дадаўшы, што менавіта надзейнасць выпускаемай прадукцыі ставіцца ў аснову пры пашырэнні беларускіх тавараў на рынак ЕС.
Дыпламат з задавальненнем канстатаваў і значную інтэнсіфікацыю палітычных кантактаў. Так, важнай гістарычнай падзеяй стаў афіцыйны візіт у канцы чэрвеня ў Беларусь Федэральнага Прэзідэнта Германіі Франка-Вальтэра Штайнмаера.-0-