Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
27 чэрвеня 2017, 17:49

Беларусь гатова нарошчваць пастаўкі ў В'етнам прадукцыі машынабудавання - Кабякоў

27 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь гатова нарошчваць пастаўкі ў В'етнам усяго спектра прадукцыі машынабудавання, заявіў сёння прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на сустрэчы з Прэзідэнтам В'етнама Чан Дай Куангам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"В'етнам - наш традыцыйны надзейны сябар у Паўднёва-Усходняй Азіі, - адзначыў прэм'ер-міністр. - Ключавыя прыярытэты эканамічнага развіцця В'етнама на пяцігодку супадаюць з прыярытэтамі Беларусі. Акцэнт - на інавацыі, рост канкурэнтаздольнасці эканомікі, даходаў насельніцтва".

Беларусь і В'етнам маюць падобныя погляды па ключавых пазіцыях міжнароднага парадку дня. "Удзячны вам за падтрымку беларускіх ініцыятыў у рамках ААН. Мы заўсёды адказвалі і будзем адказваць вам узаемнасцю", - заявіў Андрэй Кабякоў.

На яго думку, гадавы аб'ём тавараабароту паміж краінамі - крыху больш за $120 млн у 2016 годзе - значна ніжэйшы патэнцыялу. "Трэба ставіць амбіцыйныя мэты. Узровень палітычных адносін паміж нашымі дзяржавамі дазваляе забяспечыць рост па ключавых напрамках нашага супрацоўніцтва", - упэўнены прэм'ер-міністр.

На яго думку, прыярытэтным для дзвюх краін з'яўляецца партнёрства ў галіне машынабудавання. "Мы ў ліку вядучых дзяржаў - вытворцаў тэхнікі. Беларусь мае вопыт і ўнікальныя тэхналогіі, - падкрэсліў Андрэй Кабякоў. - Мы гатовы нарошчваць пастаўкі ў В'етнам усяго спектра прадукцыі машынабудавання: грузавой, пасажырскай, кар'ернай і сельскагаспадарчай тэхнікі".

Ва ўмовах запаволення сусветнай эканомікі дзве краіны могуць хутка прырастаць, калі выйдуць на новыя формы супрацоўніцтва, будуць ствараць сумесныя кампаніі і ўкараняць эфектыўныя фінансавыя інструменты іх падтрымкі, дадаў прэм'ер-міністр. "Пагадненне аб зоне свабоднага гандлю паміж ЕАЭС і В'етнамам, якое ўступіла ў кастрычніку 2016 года, адкрывае прынцыпова новыя магчымасці развіцця гандлёва-эканамічных адносін паміж нашымі краінамі", - падкрэсліў ён.

Беларусь разглядае В'етнам як плацдарм для замацавання ў Паўднёва-Усходняй Азіі і сумеснага выхаду на рынкі краін АСЕАН. "Для гэтага на практыцы мы пераходзім ад простага гандлю да прамысловай кааперацыі", - адзначыў кіраўнік урада. У бягучым годзе недалёка ад Ханоя завяршаецца будаўніцтва зборачнага прадпрыемства "МАЗ Азія" па выпуску спецыяльна распрацаванай для В'етнама сучаснай грузавой тэхнікі. "Урад Беларусі стварыў камфортныя ўмовы для работы гэтага прадпрыемства. Прашу вас падтрымаць гэты сумесны праект, асабліва на пачатковым этапе, паколькі следам за МАЗам у В'етнам могуць прыйсці астатнія брэнды", - заявіў Андрэй Кабякоў.

Ён выказаў упэўненасць у тым, што дзве краіны маюць патэнцыял для шматразовага павелічэння тавараабароту ў бліжэйшыя некалькі гадоў.

У сваю чаргу Прэзідэнт В'етнама падзякаваў за цёплы прыём і выказаў гатоўнасць абмеркаваць прапановы беларускага боку.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі