Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
28 лістапада 2011, 18:48

Беларусь атрымае расійскі крэдыт для будаўніцтва АЭС на выгадных умовах - Мінфін Беларусі

28 лістапада, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. Беларусь атрымае расійскі крэдыт для будаўніцтва АЭС на выгадных умовах, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення дзяржаўнага доўгу Міністэрства фінансаў Беларусі Алена Жукава.

Расія выдасць Беларусі на будаўніцтва атамнай станцыі дзяржаўны экспартны крэдыт у памеры да $10 млрд. "За кошт крэдыту будзе фінансавацца 90 працэнтаў кошту кантракта на будаўніцтва АЭС, а 10 працэнтаў - гэта авансавыя плацяжы, якія павінен забяспечыць беларускі бок", - сказала Алена Жукава. Згодна з умовамі крэдыт будзе выкарыстоўвацца ў 2011-2020 гадах. Пагашэнне пачынаецца праз шэсць месяцаў пасля ўводу ў эксплуатацыю атамнай электрастанцыі, але не пазней за 1 красавіка 2021 года, і будзе ажыццяўляцца 30 роўнымі долямі кожныя шэсць месяцаў. Такім чынам, тэрмін крэдыту - 25 гадоў, перыяд пагашэння асноўнага доўгу - 15 гадоў. Пры гэтым працэнтныя плацяжы вызначаны зыходзячы з кошту прыцягнення Расіяй сродкаў на знешніх фінансавых рынках, удакладніла Алена Жукава.

Прадстаўнік Мінфіна адзначыла, што крэдыт, які Расія выдзяляе на будаўніцтва беларускай АЭС, з'яўляецца не фінансавым, калі на рахунак паступаюць рэальныя грошы, а экспартным, або таварным. "Схема такая: выконваюцца работы, пастаўляецца абсталяванне, дырэкцыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі падпісвае адпаведныя дакументы, якія накіроўвае ў расійскі Знешэканомбанк, ён іх правярае, паколькі пры разліках за пастаўленыя тавары, выкананыя работы і аказаныя паслугі выкарыстоўваецца акрэдытыўная форма разлікаў, а затым Мінфін Расіі праплачвае неабходныя сродкі непасрэдна ЗАТ "Атамбудэкспарт", - растлумачыла прадстаўнік Мінфіна.

Цяпер Міністэрства фінансаў чакае інфармацыю ад Міністэрства замежных спраў і Міністэрства юстыцыі Беларусі адносна спосабу зацвярджэння крэдытнага пагаднення. "Міністэрства прыме ўсе неабходныя меры, каб у максімальна сціслыя тэрміны завяршыць працэс зацвярджэння крэдытнага пагаднення", - адзначыла прадстаўнік Мінфіна.
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі