Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
13 лістапада 2017, 14:03

Банк развіцця з пачатку года прафінансаваў праекты малога і сярэдняга бізнесу на Br85 млн

13 лістапада, Мінск /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. Банк развіцця з пачатку года прафінансаваў праекты малога і сярэдняга бізнесу на Br85 млн, паведаміў сёння журналістам старшыня праўлення ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" Сяргей Румас на палях VII Міжнароднага форуму прадпрымальніцтва, які праходзіць у рамках Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва ў Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"За гэты год праз банкі-партнёры мы прафінансавалі праекты на суму Br85 млн. Гэта столькі ж, колькі ўклалі ў праграму за ўвесь час існавання (з 2014 года. - Заўвага БЕЛТА). У структуры балансу нашага банка ўдзельная вага падтрымкі МСП яшчэ невялікая - каля 7 працэнтаў. Думаю, што доля будзе нарастаць. Падтрымка малога і сярэдняга бізнесу - адзін з нашых асноўных прыярытэтаў", - адзначыў Сяргей Румас.

Паводле яго слоў, усяго з пачатку работы праграмы прафінансавана 1,3 тыс. праектаў на агульную суму Br360 млн.

Сяргей Румас канстатаваў, што тэмай VII Міжнароднага форуму прадпрымальніцтва з'яўляецца развіццё стартап-руху. "Мэта такіх мерапрыемстваў - у дыялогу з уладамі выпрацаваць механізмы, якія дапамаглі б ператварыцца Беларусі ў стартап-нацыю. Банк развіцця аказвае гэтаму пасільную падтрымку. У нас ёсць некалькі прадуктаў, якія накіраваны на развіццё стартапаў, камерцыйныя банкі апошнім часам усё больш і больш пачынаюць крэдытаваць такія праекты", - сказаў ён.

Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва праходзіць сёмы раз у Беларусі з 13 па 19 лістапада. Адкрыў тыдзень VII Міжнародны форум прадпрымальніцтва, прысвечаны тэме "Сінергія. Стартапы і карпарацыі". На форуме абмяркоўваюцца інавацыйныя стратэгіі бізнесу, фінансавыя інструменты для падтрымкі бізнесу і г. д. У праграме тыдня таксама дзіцячы фестываль "Я - будучы прадпрымальнік" і Дзень інвестара, які будзе насычаны лекцыямі і практычнымі майстар-класамі для інвестараў і бізнес-анёлаў.

Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва праводзіцца больш як у 160 краінах свету і дапамагае 20 млн людзей рэалізаваць свой патэнцыял дзякуючы ўдзелу ў 95 тыс. мерапрыемстваў. Беларусь далучылася да Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва ў 2011 годзе і стала 137-й краінай - удзельніцай буйнейшай прадпрымальніцкай ініцыятывы ў свеце.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі