Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
15 кастрычніка 2018, 09:18

Агульная сума падпісаных на Форуме рэгіёнаў кантрактаў перасягнула $500 млн - Мясніковіч

15 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На V Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі падпісана кантрактаў на суму больш як $500 млн. Такія даныя ў праграме "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1" прывёў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч, паведамляе БЕЛТА.

"Мы выйшлі больш як на $500 млн. Большая частка - беларускі экспарт у Расійскую Федэрацыю. Я паглядзеў уважліва гэтыя кантракты: дзве трэці - гэта інвестыцыйныя тавары - машыны, станкі, абсталяванне, электроніка", - расказаў спікер.

Паводле яго слоў, расійскія губернатары ўзнімалі пытанне перад Міністэрствам прамысловасці і гандлю Расіі, старшынёй Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Валянцінай Мацвіенка, каб беларуска-расійскія прадпрыемствы, якія з'яўляюцца рэзідэнтамі РФ, мелі тыя ж меры дзяржпадтрымкі, што і расійскія прадпрыемствы. "Валянціна Іванаўна дала даручэнне напісаць ёй пісьмы. А мы ведаем: калі яна ўзялася, то давядзе справу да канца", - адзначыў Міхаіл Мясніковіч.

Старшыня Савета Рэспублікі закрануў тэму паставак беларускіх прадуктаў харчавання на расійскі рынак. Ён нагадаў, што ў рамках форуму адбылося падпісанне пагаднення аб балансах паставак прадуктаў харчавання на 2019 год. "Гэта не толькі $2,5 млрд, там закладзены механізм вырашэння спрэчных пытанняў, - паведаміў спікер. - Іншым разам расійскія адпаведныя службы прымаюць рашэнне ў аднабаковым парадку і потым месяцамі трымаюць у падвешаным стане. Закладзены механізм, які дае магчымасць сумесна высвятляць прычыны, калі такія ёсць, не на шкоду дзейнасці суб'ектаў гаспадарання".

Міхаіл Мясніковіч дадаў, што наступны форум пройдзе ў Расіі і, па прапанове Прэзідэнта Беларусі, будзе прысвечаны маладзёжнай тэматыцы. "Пленарнае пасяджэнне падтрымала прапанову правесці адначасова з форумам яшчэ і з'езд творчай інтэлігенцыі. Калі мы гаворым пра моладзь, то, на мой погляд, Санкт-Пецярбург для гэтага падыходзіць больш за ўсё", - сказаў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі