Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
11 мая 2018, 16:05

Аграрыі Магілёўскай вобласці плануюць павялічыць нарыхтоўку кармоў на 35 працэнтаў

11 мая, Магілёў /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. Сельскагаспадарчыя арганізацыі Магілёўскай вобласці ў 2018 годзе плануюць нарыхтаваць на зімова-стойлавы перыяд для галіны жывёлагадоўлі амаль 2,1 млн т кармавых адзінак, што на 35 працэнтаў больш, чым у мінулым годзе. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама.

На ўмоўную галаву жывёлы павінна прыпасці 35,3 ц кармавых адзінак. У тым ліку травяных кармоў у вобласці будзе нарыхтавана 1,3 млн т, у разліку на адну ўмоўную галаву жывёлы - 32,1 ц кармавых адзінак. Акрамя таго, у летне-пашавы перыяд плануецца скарміць больш за 3,1 млн т зялёнай масы.

План першага ўкосу ў рэгіёне - 207,1 тыс. га. У структуры ўкоснай плошчы шматгадовыя травы займаюць 117,4 тыс. га (57 працэнтаў), лугавыя ўгоддзі - 89,7 тыс. га (43 працэнты). З першага ўкосу плануецца нарыхтаваць травяных кармоў не менш як 445 тыс. т кармавых адзінак - 34 працэнты да задання (11 ц кармавых адзінак на ўмоўную галаву).

Сельгасарганізацыі вобласці праводзяць комплекс мер па стварэнні трывалай кармавой базы. Па стане на 10 мая, шматгадовыя травы на раллі падсеяны на плошчы 52,9 тыс. га, або 68 працэнтаў да плана, у тым ліку бабовыя і бабова-злакавыя на 48,3 тыс. га (72 працэнты). У бягучым сезоне плануецца пасеяць люцэрну на 15 тыс. га (фактычна пасеяна ўжо на 2,2 тыс. га, або 15 працэнтаў плошчы). Для выканання задання спатрэбіцца яшчэ набыць 180 т насення (у наяўнасці 82 т, або 46 працэнтаў). У мэтах папаўнення кармавой базы ў планах пасеяць аднагадовыя кармавыя культуры на 77 тыс. га (засеяна 53,4 тыс. га, або 69 працэнтаў). Плошчу 40 тыс. га зоймуць прамежкавыя культуры.

Для забеспячэння захаванасці нарыхтаваных травяных кармоў у сельгасарганізацыях вобласці ёсць 2089 тыпавых сянажна-сіласных сховішчаў аб'ёмам закладкі травяных кармоў 3,2 млн т. На 8 мая вызвалена ад корму 1529 сховішчаў, або 73 працэнты, падрыхтавана 714 (47 працэнтаў ад вызваленых), з іх прадэзынфіцыраваны 131, або 18 працэнтаў. У мэтах выканання тэхналогіі закладкі кармоў плануецца набыць кансервантаў на суму не менш як Вr5 млн, плёнкі для ўкрыцця траншэй на Вr602 тыс., сеткі і стрэйч-плёнкі для нарыхтоўкі кармоў па прагрэсіўных тэхналогіях на Вr3,3 млн.

"Галоўная задача аграрыяў у гэтым сезоне - гэта строгае выкананне тэхналогій і нарыхтоўкі якасных кармоў, што ў выніку дасць магчымасць павысіць прадукцыйнасць працы галіны жывёлагадоўлі", - падкрэслілі ў аблсельгасхарчы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі