Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
18 красавіка 2019, 12:51

Адметнасцю МФЦ MinskWorld стануць сучасныя фінтэхналогіі - Турчын

18 красавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Дубайскі міжнародны фінансавы цэнтр гатовы падзяліцца вопытам пры стварэнні ў Беларусі міжнароднага фінансавага цэнтра MinskWorld, адметнасцю якога могуць стаць сучасныя фінансавыя тэхналогіі. Аб гэтым паведаміў журналістам першы віцэ-прэм'ер Аляксандр Турчын, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Першы віцэ-прэм'ер адзначыў, што ва ўрадзе створана рабочая група, якую ён узначальвае, вывучаецца адпаведны міжнародны вопыт. Часткай гэтай работы з'яўляецца ўзаемадзеянне з кіраўніцтвам Дубайскага міжнароднага фінансавага цэнтра, які ў гэтым плане дзеліцца з беларускімі партнёрамі вопытам. "Ідзе планамерная работа ў гэтым напрамку. Мы сёння пасля сустрэчы з Прэзідэнтам падпісваем ва ўрадзе мемарандум аб узаемадзеянні і дапамозе Дубайскага МФЦ у магчымым стварэнні ў нашай краіне міжнароднага фінансавага цэнтра", - сказаў Аляксандр Турчын.

Паводле яго слоў, абмяркоўваецца магчымасць інтэгравання ў работу беларускага МФЦ сучасных фінансавых тэхналогій. "У нас ёсць пэўныя думкі, як новыя фінансавыя тэхналогіі паспрабаваць упакаваць у нашым цэнтры. У свеце больш за 100 такіх фінансавых цэнтраў, і Дубайскі - адзін з лідараў, - падкрэсліў першы віцэ-прэм'ер. - На мой погляд, калі рабіць традыцыйны фінансавы цэнтр, вядома, нам складана будзе канкурыраваць з такімі гігантамі. Таму мы хочам, каб у нашым цэнтры, калі мы будзем яго ствараць, была нейкая адметнасць, якая сёння звязана менавіта з нашымі ІТ-тэхналогіямі".

Аляксандр Турчын растлумачыў, што ў першую чаргу беларускі МФЦ будзе арыентавацца на рэгіён Усходняй Еўропы. Аб канкрэтных тэрмінах стварэння размова пакуль не ідзе, будуць патрэбны сур'ёзныя заканадаўчыя змяненні.

"Нам трэба для сябе прыняць рашэнне: мы рухаемся ў гэтым напрамку ці не. Мы цяпер выпрацоўваем алгарытм дзеянняў. Для стварэння цэнтра ёсць базавыя ўмовы, без якіх гэта немагчыма. Многія рэчы цяпер рэалізаваны ў Парку высокіх тэхналогій, адносна англійскага права і гэтак далей. Мы хочам абагульніць усе гэтыя практыкі і потым далажыць Прэзідэнту для таго, каб прымаць рашэнне", - рэзюмаваў Аляксандр Турчын.

Кіраўнік Дубайскага міжнароднага фінансавага цэнтра Эса Абдулфатах Казім пасля сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам расказаў журналістам, што адбылася агульная дыскусія наконт ідэі стварэння ў Мінску міжнароднага фінансавага цэнтра. Абмяркоўвалася, як пры гэтым можа быць выкарыстаны назапашаны 15-гадовы вопыт работы Дубайскага МФЦ. "Абмеркавалі ў цэлым тое, як можна развіваць адносіны паміж нашымі дзяржавамі і як мы можам падтрымаць развіццё фінансавага цэнтра ў Мінску", - сказаў ён.

Эса Абдулфатах Казім лічыць перспектыўным інтэграванне ў работу будучага фінансавага цэнтра ў Мінску сучасных тэхналогій: "Апошнім часам мы назіраем некаторыя змяненні, якія адбываюцца ў фінансавай сферы, і не ў апошнюю чаргу з-за развіцця тэхналогій. Мы ведаем, што ў Беларусі актыўна развіваюцца лічбавыя тэхналогіі, і лічым, што іх выкарыстанне ў фінансавай сферы магло б прывесці да цікавых вынікаў. Беларусь цалкам здольная зрабіць гэту ідэю прывабнай. Мы гатовы працаваць і падтрымліваць гэту ідэю ў Беларусі".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі