Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
20 кастрычніка 2016, 12:56

Абмежаванні па продажы алкаголю могуць прывесці да банкруцтва магазінаў крокавай даступнасці - Смольскі

20 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Абмежаванні па продажы алкаголю могуць прывесці да банкруцтва магазінаў крокавай даступнасці, заявіў у час прэс-канферэнцыі ў БЕЛТА сустаршыня Асацыяцыі рознічных сетак Сяргей Смольскі.

Новыя правілы гандлю спіртным, такія як выдзяленне спецыялізаванага аддзела для рэалізацыі алкаголю і абмежаванне продажу па часе, у выпадку іх увядзення могуць прывесці да сур'ёзных наступстваў, упэўнены эксперт. "Вялікія і сярэднія гандлёвыя сеткі, можа, і вытрымаюць, нягледзячы на тое што і так у іх цяпер напружаная эканамічная сітуацыя, але невялікія магазіны, якія дзейнічаюць як асобныя юрыдычныя асобы, проста абанкруцяцца", - падкрэсліў Сяргей Смольскі.

"Магазіны крокавай даступнасці, на якія быў зроблены акцэнт у гандлі папярэднія гады, па тэхнічных і санітарных нормах не змогуць выканаць патрабаванне аб выдзяленні спецыялізаванага аддзела для гандлю алкаголем - для гэтага ім не хопіць плошчы. А з улікам таго, што ў тавараабароце гандлёвай кропкі спіртное складае прыкладна 20 працэнтаў, гэта прывядзе да зніжэння рэнтабельнасці і банкруцтва, закрыцця такіх гандлёвых кропак", - растлумачыў сустаршыня Асацыяцыі рознічных сетак.

Тое, як новыя правілы рэалізацыі алкагольнай прадукцыі могуць паўплываць на бізнес, Сяргей Смольскі праілюстраваў на прыкладзе ўласнай гандлёвай сеткі. З 17 магазінаў, размешчаных у Партызанскім раёне Мінска, у выпадку ўступлення ў сілу новых правіл гандлю алкаголем давядзецца закрыць 7-8, паколькі іх немагчыма будзе прывесці да работы па новых нормах. "Будзе страчана каля 300 рабочых месц. Да таго ж стратныя гандлёвыя аб'екты не змогуць разлічыцца з банкамі і контрагентамі", - падкрэсліў ён.

Акрамя таго, закрыццё магазінаў прывядзе да ўзнікнення яшчэ адной праблемы - гэтыя памяшканні трэба будзе зноў здаць у арэнду. "У мінулым годзе я дамовіўся ад аднаго з магазінаў, і ЖРЭА ўжо год не можа знайсці для гэтага памяшкання новага арандатара. Як вынік, узнікае праблема неэфектыўнага выкарыстання маёмасці", - адзначыў Сяргей Смольскі.

Пакупнікам скарачэнне колькасці магазінаў і ўвядзенне спецаддзелаў таксама прынясе нязручнасці, паколькі прывядзе ў тым ліку да павелічэння чэргаў, звярнуў увагу эксперт. А абмежаванне продажу спіртнога па часе падштурхне да таго, каб шукаць алкаголь на шэрым рынку, упэўнены Сяргей Смольскі. "А купля нелегальнага спіртнога не толькі небяспечна для здароўя, але і зніжае паступленне даходаў ад легальных продажаў у бюджэт", - падкрэсліў ён.

Разам з тым даследаванні паказалі, што продаж спіртнога ў начны час не прыводзіць да павелічэння агульнага спажывання алкаголю насельніцтвам, звярнуў увагу эксперт. Як правіла, у гэты час купляецца больш дарагі алкаголь.

"Мы спрабуем загнаць пакупніка ў нейкія жорсткія рамкі, у чаргу. Акрамя таго, забаронены плод заўсёды салодкі. Забарані чалавеку - і ён пастараецца гэта зрабіць абавязкова. Таму лічу, што большасць людзей, нармальных людзей, будуць незадаволены гэтым абмежаваннем, а алкаголікі ўсё роўна знойдуць сваё. Таму зусім не факт, што жаданы ініцыятарамі новаўвядзення эфект будзе дасягнуты", - адзначыў Сяргей Смольскі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі