Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
01 жніўня 2018, 09:35

Абавязковы продаж валюты адменены на фоне стабілізацыі фінансавай сістэмы Беларусі - аналітык

1 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Указ аб адмене абавязковага продажу замежнай валюты прыняты на фоне стабілізацыі фінансавай сістэмы і валютнай сітуацыі ў Беларусі. Гэта адзначыў у эфіры тэлеканала "Беларусь 1" фінансавы аналітык Аляксандр Сабодзін, каменціруючы дакумент, паведамляе БЕЛТА.

Стабільнасць беларускага рубля, рэкордна нізкая інфляцыя даюць падставы для аптымістычных прагнозаў экспертаў і тлумачаць, што для новага дакумента яшчэ раней было падрыхтавана адпаведнае асяроддзе. "Сур'ёзнага ўплыву прынятая мера на валютны рынак не акажа. Больш таго, каб рэалізаваць гэту праграму, былі створаны станоўчыя перадумовы. Мы бачым, што ў нас фінансавая сістэма стабільная, попыт і прапанаванне замежнай валюты збалансаваны", - адзначыў Аляксандр Сабодзін. Пры гэтым на павышэнне дзелавой актыўнасці, на яго думку, з прыняццем указа можна разлічваць.

"Фінансавая сістэма стала больш стабільнай, як і валютная сітуацыя. Гэта вельмі пазітыўны сігнал замежным і ўнутраным інвестарам", - адзначыў і загадчык кафедры БНТУ доктар эканамічных навук Сяргей Саладоўнікаў.

Нацбанк таксама адзначае перавышэнне прапанавання валюты над попытам, гэта адбываецца на ўсіх сегментах валютнага рынку. "Ні на біржы, ні на пазабіржавым рынку гэта да нейкіх наступстваў не прывядзе", - рэзюмаваў намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Сяргей Калечыц.

Як паведамлялася, абавязковы продаж часткі валютнай выручкі адменены для лібералізацыі валютных адносін і стымулявання дзелавой актыўнасці. Гэты інструмент прымяняўся ў перыяд станаўлення беларускага рынку і садзейнічаў фарміраванню прапанавання замежнай валюты на валютнай біржы, разам з тым ён з'яўляўся стрымліваючым фактарам, паколькі ўспрымаўся інвестарамі як прыкмета адміністрацыйнага рэгулявання і абмежаванняў. Адмена абавязковага продажу часткі валютнай выручкі суб'ектамі гаспадарання будзе садзейнічаць павышэнню канкурэнтаздольнасці беларускіх экспарцёраў, стане істотным фактарам паляпшэння ўмоў вядзення бізнесу ў Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі