Поўная версія

Звычайныя людзі сталі героямі фотаработ другога этапу праекта "Я сэрцам бачу"

Культура 16.08.2018 | 10:53
Фота з архіва
Фота з архіва

16 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Звычайныя людзі сталі героямі фотаработ другога этапу праекта "Я сэрцам бачу" тэлеканала "Беларусь 24". Як паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, экспазіцыя адкрываецца 16 жніўня ў Нацыянальнай бібліятэцы.

Выстава, якая прысвечана Году малой Радзімы, уключае 40 новых работ ад васьмі фатографаў. Кожны здымак па-свойму ўнікальны і паказвае краіну з незвычайнага ракурсу.

"Гэта фотавыстава будзе адрознівацца ад першай. Цяпер мы хочам паказаць самае важнае ў Беларусі - яе людзей. Менавіта народ захоўвае і беражэ нашу багатую прыроду, будуе і перабудоўвае гарады", - адзначыў галоўны дырэктар тэлеканала "Беларусь 24" Аляксандр Мартыненка.

У экспазіцыі, якая будзе адкрыта на працягу трох месяцаў, прадстаўлены работы Улада Сакалоўскага, Кацярыны Міцінай, Юліі Войніч, Андрэя Семянкова, Ільі Шырманава, Максіма Вейзэ, Дзмітрыя Важніка і Сяргея Гапона. Удзельнікі праекта ўжо не раз выйгравалі прэстыжныя конкурсы, уваходзілі ў топ лепшых фатографаў свайго жанру і былі адзначаны экспертамі вядомых сусветных выданняў National Geographic, The Daily Telegraph, 35 Аwards.

З лепшымі работамі таксама можна азнаёміцца на сайце міжнароднага спадарожнікавага тэлеканала ў раздзеле "Пра Беларусь" і на афіцыйных старонках "Беларусь 24" у сацыяльных сетках.

Выстава арганізавана тэлеканалам "Беларусь 24" сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Рэспублікі Беларусь пры тэхнічнай падтрымцы кампаніі Epson.-0-

Навіны рубрыкі Культура
Поўная версія