Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
21 верасня 2017, 16:24

За ўзнагароды першага Мінскага міжнароднага фестывалю цыркавога мастацтва пазмагаюцца артысты з 16 краін

21 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. За ўзнагароды першага Мінскага міжнароднага фестывалю цыркавога мастацтва, які пройдзе 21-24 верасня, пазмагаюцца артысты з 16 краін, паведаміў на прэс-канферэнцыі дырэктар Беларускага дзяржаўнага цырка Уладзімір Шабан, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Цікавасць да новага фестывалю з боку артыстаў цырка вельмі высокая - на манежы выступяць каля 100 артыстаў, а прэтэндавалі ў два разы больш. Фестываль не мае прызавога фонду, артысты выступаюць бясплатна, знаходжанне іх у Беларусі забяспечвае прымаючы бок. Удзел у такім форуме для цыркавых артыстаў - магчымасць паказаць сваю творчасць, атрымаць новыя кантракты, паколькі гасцямі форуму і судзейскай каманды стануць прадстаўнікі цыркаў розных краін.

Як адзначыў Уладзімір Шабан, ідэя арганізацыі фестывалю падтрымана мэрыяй сталіцы. Паводле прызнання прадстаўнікоў цыркавога мастацтва розных краін, у Белдзяржцырку знаходзіцца адна з лепшых стацыянарных пляцовак у Еўропе. І гэта служыць дадатковым стымулам, каб у Мінску з'явіўся фестываль, мэта якога - адкрыццё новых імён і падтрымка вядомых артыстаў. Бюджэт фестывалю сфарміраваны са сродкаў Белдзяржцырка, фінансавай падтрымкі генеральнага спонсара Беларускай калійнай кампаніі і Мінгарвыканкама.

Фестываль будзе маляўнічым і відовішчным, публіка ўбачыць групавыя, сольныя нумары. Кошт білетаў на фестывальныя цыркавыя паказы практычна не змяніўся. Ёсць білеты, разлічаныя для розных слаёў насельніцтва.

Удзельнікі фестывалю будуць змагацца за Гран-пры, дзве залатыя, дзве сярэбраныя і дзве бронзавыя ўзнагароды, прыз сімпатый гледачоў і прыз дзіцячага журы. Рашэнне будзе прымаць тры склады журы: прафесійнае, грамадскае (гледачы) і дзіцячае.

Уладзімір Шабан расказаў, што ўзнікненне ідэі прыза фестывалю - цыркавога цыліндра ў мастацкім шкле - было няпростым. Варыянтаў, макетаў было дзясяткі, але арганізатараў падкупіла сваёй арыгінальнасцю і прастатой работа сусветна вядомага мастака па шкле Рэмігіюса Крукаса.

У першым Мінскім міжнародным фестывалі цыркавога мастацтва ўдзельнічаюць артысты з Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана, Узбекістана, Латвіі, Літвы, Венгрыі, Румыніі, Германіі, Аўстраліі, В'етнама, КНДР, Егіпта, Эфіопіі, ЗША. На працягу трох дзён пройдуць конкурсныя выступленні артыстаў у дзвюх праграмах, пасля чаго журы вызначыць удзельнікаў гала-канцэрта. Гала-паказ уладальнікаў спецыяльных прызоў фестывалю "Шоу пераможцаў" адбудзецца 24 верасня. У склад журы запрошаны вядомыя і аўтарытэтныя ў цыркавым свеце прадзюсары, рэжысёры і дырэктары цыркаў.

Першы Мінскі міжнародны фестываль цыркавога мастацтва стане адной са значных падзей, прымеркаваных да святкавання 950-годдзя сталіцы. Чакаецца, што фестываль атрымае доўгае творчае жыццё: яго плануецца праводзіць раз у два гады.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі