Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
14 мая 2019, 15:42

Выстава жывапісу Андрэя Бондарава раскажа пра Індыю

14 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава беларускага мастака Андрэя Бондарава "Limbo. Прыгоды мастака ў Індыі" адкрыецца ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў 17 мая, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове.

У экспазіцыі будзе прадстаўлена каля 50 карцін, над якімі мастак працаваў на працягу 6 гадоў у Індыі. "Усе работы адлюстроўваюць светаадчуванне мастака і даюць магчымасць гледачам адчуць кантрасты Індыі", - адзначыла намеснік дырэктара па творчай дзейнасці цэнтра Алеся Іназемцава. У партрэтах, пейзажах і іншых работах аўтар паказаў супярэчлівае спалучэнне празмернай раскошы і беднасці Індыі, суіснаванне розных рэлігій і, вядома ж, яркасць зелені і асляпляльнага сонца.

На адкрыцці выставы Андрэй Бондараў прадставіць сваю дэбютную кнігу "Limbo. Прыгоды мастака ў Індыі", якая раскажа ад трэцяй асобы пра прыгоды героя па паўднёваазіяцкай краіне ў пошуках яркіх фарбаў, новых эмоцый і адчуванняў. Выданне поўнасцю праілюстравана работамі, напісанымі ў Індыі.

Для стварэння атмасферы, якую зведаў мастак у час свайго падарожжа, прадстаўнікі студыі "Індывара" выканаюць індыйскія танцы, выступяць музыканты-імправізатары калектыву Radiofillz, саксафаніст-флейтыст Фёдар Малікін.

Выстава "Limbo. Прыгоды мастака ў Індыі" прадоўжыцца па 2 чэрвеня.

Андрэй Бондараў - беларускі мастак і празаік. Нарадзіўся ў 1971 годзе ў горадзе Полацку. Цяпер жыве ў Мінску. Работы мастака прадстаўлены ў розных музеях і прыватных калекцыях свету.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі