Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
12 сакавіка 2019, 10:48

Выстава "Спорт - гэта высокае мастацтва" пройдзе ў Мінску ў чэрвені

12 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава "Спорт - гэта высокае мастацтва" пройдзе ў рамках міжнароднага праекта "Еўрапейскія гульні - Еўрапейскае мастацтва" ў Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва з 6 па 30 чэрвеня, паведаміў 11 сакавіка на прэс-канферэнцыі дырэктар цэнтра Сяргей Крыштаповіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Усім краінам - удзельніцам гульняў мы адправілі запрашэнне прыняць удзел у гэтай выставе, якая ўключае ў сябе экспазіцыю архіўнага фота і сучасных фатаграфічных праектаў, плакатаў, відэаматэрыялаў, скульптурных аб'ектаў, дакументацыю перфарматыўных практык, што даследуюць тэму спорту ў шырокім культуралагічным, гістарычным і сацыяльным кантэксце. Адгукнуліся ўжо сем краін - удзельніц Еўрапейскіх гульняў. Спадзяюся, што ў бліжэйшы час і астатнія краіны падключацца", - адзначыў дырэктар цэнтра.

Зыходнай кропкай экспазіцыі стане калекцыя архіўных фатаграфій і кінаматэрыялаў са збору Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, якія ілюструюць асаблівасці культуры спартыўнага цела ў савецкі перыяд. "Фатаграфіі і кінакадры спаборніцтваў, усесаюзных спартакіяд, спартыўных парадаў, трэніровак, партрэты выдатных спартсменаў таго часу з'яўляюцца дакументамі цэлай эпохі, калі культ здаровага, моцнага цела асацыіраваўся з маладосцю і сілай краіны, а масавае захапленне спортам было часткай глабальнага працэсу выхавання "чалавека будучага", - дадаў ён.

Акрамя таго, важнай часткай экспазіцыі стануць работы прадстаўнікоў сучаснай школы спартыўнай рэпартажнай фатаграфіі. А суправаджальная праграма будзе ўключаць у сябе перфомансы, кінапаказы, прэс-канферэнцыі і тэматычныя дыскусіі.

Міжнародны праект "Еўрапейскія гульні - Еўрапейскае мастацтва" пройдзе з красавіка па 1 верасня. Заяўкі на ўдзел у праекце прымаюцца да 22 красавіка, а творчыя работы - да 15 мая.

Арганізатары праекта - Нацыянальны цэнтр сучаснага мастацтва, Беларускі саюз мастакоў і Беларускі саюз дызайнераў. Пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі