Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
29 мая 2018, 12:29

Выстаўка творчых дасягненняў вучняў дзіцячых школ мастацтваў Беларусі можа стаць традыцыйнай

29 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстаўка творчых дасягненняў навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў Беларусі можа стаць традыцыйнай. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, куратар праекта Павел Сапоцька 28 мая перад пачаткам урачыстай цырымоніі ўзнагароджання ўдзельнікаў экспазіцыі.

Выстаўка праходзіць у мастацкай галерэі "Універсітэт культуры" Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. "Дзіцячая творчасць вылучаецца цеплынёй і шчырасцю. Наша задача - пашыраць умовы для самарэалізацыі моладзі. Беларускія дзеці, я ўпэўнены, павінны мець магчымасць дзяліцца сваім мастацтвам і выходзіць за межы рэгіёнаў. Гэты праект накіраваны на папулярызацыю дзіцячай і юнацкай творчасці, таму, думаю, што ён стане традыцыйным", - адзначыў Павел Сапоцька.

Усяго для ўдзелу ў выстаўцы паступіла каля тысячы заявак, для экспанавання выбрана 300 работ. Да 5 чэрвеня наведвальнікі мастацкай галерэі змогуць убачыць першую палавіну твораў, потым будзе прадстаўлена другая частка экспазіцыі.

"Усе работы камісія ацаніла вельмі высока, тут прадстаўлены лепшыя з лепшых. Калі мы ініцыіравалі праект, не ўводзілі абмежаванні ні па ўзросце, ні па тэхніцы выканання. Чакалі, што больш за ўсё твораў будзе прадстаўлена ў галіне дэкаратыўна-прыкладнай творчасці, але паступіла шмат жывапісных і графічных работ", - расказаў куратар праекта.

Паводле яго слоў, мерапрыемства не заяўлялася як конкурс. Разам з тым дух спаборніцтва захоўваўся на этапе адбору. "Калі хлопчыкі і дзяўчынкі будуць удзельнічаць у такіх праектах, значных фестывалях і выстаўках, у перспектыве ў іх ёсць усе магчымасці атрымаць падтрымку спецфонду Прэзідэнта", - лічыць Павел Сапоцька.

Аўтарам прадстаўленых работ уручаны граматы. У прывітальным слове старшыня савета Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі Кацярына Дулава падзякавала дзецям, а таксама іх педагогам і бацькам за ўдзел у выстаўцы. "Хачу павіншаваць вас з такім святам. У свой час мы заўважылі і падтрымалі ініцыятыву, і я вельмі спадзяюся, што гэта падзея стане ў лёсе большасці ўдзельнікаў вырашальнай у развіцці творчых здольнасцей", - сказала яна.

Выстаўка - першы такі праект у Беларусі, які прадаставіў магчымасць усім дзіцячым школам мастацтваў рэспублікі прадэманстраваць дасягненні сваіх вучняў. На выстаўцы экспануюцца работы навучэнцаў школ мастацтваў з Бялынічаў, Бярозы, Верхнядзвінска, Горак, Драгічына, Жлобіна, Заслаўя, Іванава, Пінска і іншых гарадоў.

Праект прафінансаваны з бюджэту спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі і арганізаваны пры садзейнічанні Міністэрства культуры Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі