Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
06 красавіка 2018, 16:42

Выданні XVII стагоддзя з друкарань Спірыдона Собаля прадставіць выстаўка ў Мінску

6 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэдкія выданні XVII стагоддзя будуць прадстаўлены на выстаўцы "Беларускі друкар Спірыдон Собаль", якая адкрываецца 10 красавіка ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, паведамілі БЕЛТА ў музеі.

На часовай экспазіцыі, прысвечанай выдатнаму дзеячу беларускага асветніцтва Спірыдону Собалю, у наведвальнікаў будзе магчымасць убачыць яго друкарскі шлях і даведацца аб радаслоўнай асветніка, аб кнізе "Букварь сиречь, начало учения детем, начинающим чтению извыкати". Наведвальнікам прапануюць азнаёміцца з рэдкімі выданнямі XVII стагоддзя з друкарні Спірыдона Собаля ў Кіеве, а таксама з Магілёўскага брацкага манастыра, Богаяўленскай друкарні Спірыдона Собаля ў Куцейне і інш.

Спірыдон Собаль (паводле іншых звестак Багдановіч) - беларускі друкар і асветнік. Нарадзіўся каля 1580-1590 года ў Магілёве ў сям'і бургамістра. Першыя спробы надрукаваць кнігі зрабіў у Кіеве, які быў цэнтрам мясцовай праваслаўнай мітраполіі.

Вядомы магіляўчанін заснаваў першыя друкарні ў родных месцах: Куцейне, Буйнічах і Магілёве. З Кіева асветнік прывёз аснашчэнне, неабходнае для друкарскай справы. Ён выдаў адзін з першых на землях сучаснай Беларусі "Буквар". Дакладна вядома, што выданне першых кніг на Магілёўшчыне звязана менавіта з дзейнасцю Спірыдона Собаля. Актыўная самаадукацыя і творчая работа далі магчымасць яму стаць адным з самых адукаваных і культурных людзей свайго часу. Значную частку свайго жыцця Спірыдон Собаль прысвяціў кнігавыдавецкай і асветніцкай дзейнасці.

Праект падрыхтаваны Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры сумесна з музеем гісторыі Магілёва, Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа НАН Беларусі і Нацыянальным мастацкім музеем Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі