Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
09 красавіка 2018, 17:08

Вялікі тэатр оперы і балета запрашае 25 красавіка на прэм'еру оперы "Багема"

9 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета запрашае на прэм'еру оперы "Багема" Джакама Пучыні 25 красавіка, паведамілі БЕЛТА ў тэатры.

"Багема" была двойчы пастаўлена на сцэне Вялікага тэатра Беларусі: у 1968 і 2002 годзе. Прэм'еру рыхтуе народны артыст Расіі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, лаўрэат Расійскай тэатральнай прэміі "Залатая маска", прафесар Расійскай акадэміі тэатральнага мастацтва (Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва) Аляксандр Цітэль. У знакамітага рэжысёра ўжо ёсць вопыт у гэтай пастаноўцы оперы - "Багема" не першы год з поспехам ідзе на сцэне Маскоўскага музычнага тэатра імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі (Аляксандр Цітэль узначальвае оперную трупу).

У аснове оперы - сюжэт рамана Анры Мюржэ "Жыццё багемы", у якім ёсць рамантыка і лірыка, гумар і трагізм, атмасфера эпохі і жыццёвыя калізіі мастакоў той эпохі. Джакама Пучыні таксама прайшоў праз беднасць і пакуты творчасці. Беларуская пастаноўка мэтра будзе прысвечана людзям мастацтва, мастакам, якія тварылі ў пачатку ХХ стагоддзя. З пункту гледжання эстэтыкі ў аснове мастацкай канцэпцыі новага спектакля - ранняе мастацтва мадэрнізму. "Уся гісторыя мадэрнізму, імпрэсіянізму і постымпрэсіянізму, - адзначае рэжысёр, - расказвае нам пра людзей, якія часта тварылі ў беднасці. У Ван Гога, чые карціны каштуюць сёння мільёны долараў, пры жыцці была прададзена адна карціна. Мадыльяні нічога не мог прадаць пры жыцці. А сёння іх карціны захоўваюцца ў самых дарагіх прыватных калекцыях, а яны самі - легенды".

Гісторыя сяброў - мастака Марсэля, паэта Рудольфа, філосафа Колена і музыканта Шонара, а таксама Мімі і Мюзеты - адбываецца ў 1910-20-я гады. Галоўныя героі, паводле задумы аўтараў, - гэта знакамітыя сёння мастакі пачатку ХХ стагоддзя.

Сцэнограф Юрый Усцінаў і мастак па касцюмах Ірына Акімава, згодна з рэжысёрскай канцэпцыяй, прадставяць мінімалістычныя дэкарацыі ў стылі мадэрн, а таксама так званы кінетычны жывапіс - прыём, калі дэкарацыя нібыта ажывае. Кожная мізансцэна павінна быць маляўнічай, лічаць пастаноўшчыкі, таму яны імкнуцца зрабіць спектакль даволі эстэцкім, максімальна адысці ад бытавых дэталей на сцэне. Маладыя прадстаўнікі парыжскай багемы будуць жыць не ў цеснай мансардзе, а ў вялікім памяшканні, якое яны знялі для таго, каб арганізаваць у ім выставу сваіх работ.

Галоўная задача рэжысёра і яго каманды - стварыць лірычны спектакль з дынамічным сюжэтам, у якім ёсць праўда пачуццяў і вобразаў і дзе кожная мізансцэна з'яўляецца мініяцюрным мастацкім творам.

Дырыжор-пастаноўшчык - заслужаны артыст Украіны Віктар Пласкіна, хормайстар-пастаноўшчык - народная артыстка Беларусі Ніна Ламановіч, мастак па святлу - Яўген Вінаградаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі