Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
04 ліпеня 2018, 18:08

У Швецыі прапанавалі альтэрнатыву Нобелеўскай прэміі па літаратуры

4 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Звыш 100 шведскіх дзеячаў культуры заснавалі Новую акадэмію, якая будзе ўручаць штогадовую прэмію па літаратуры, альтэрнатыўную Нобелеўскай. Рашэнне было прынята пасля таго, як Шведская акадэмія, замяшаная ў некалькіх скандалах, была вымушана адмовіцца ад прысуджэння галоўнай літаратурнай узнагароды ў 2018 годзе, паведамляе ТАСС.

"Мы заснавалі Новую акадэмію, каб нагадаць людзям, што літаратура і культура ў цэлым павінны садзейнічаць дэмакратыі, празрыстасці, суперажыванню і павазе, без прывілей, высакамер'я або сексізму", - гаворыцца ў заяве шведскіх дзеячаў культуры, апублікаванай у выданні The Guardian. Прадстаўнікі Новай акадэміі лічаць выключна важным, каб самая прэстыжная ў свеце літаратурная прэмія была прысуджана ў 2018 годзе.

На прэмію можа быць намініраваны пісьменнік, які апублікаваў за апошнія 10 гадоў не менш як дзве кнігі. Пры гэтым не мае значэння, з якой краіны аўтар. Галоўнае, каб яго творы адлюстроўвалі тэму "людзей у свеце".

Калі намінанты на прэмію вызначацца, Новая акадэмія арганізуе публічнае галасаванне, каб вылучыць чатырох фаварытаў. Пазней спецыяльнае журы выбера з іх ліку лаўрэата, чыё імя будзе абнародавана ў кастрычніку - у тым жа месяцы, калі называюць лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры.

Аўтары ініцыятывы падкрэслілі, што прысуджэннем новай літаратурнай прэміі яны выказваюць пратэст супраць сітуацыі, што склалася ў Шведскай акадэміі.

Раней Шведская акадэмія аб'явіла, што прысуджэнне Нобелеўскай прэміі па літаратуры пераносіцца на 2019 год. Пасля серыі скандальных выкрыццяў у Нобелеўскім камітэце некаторыя акадэмікі вырашылі падаць у адстаўку ў знак пратэсту. У выніку ў Нобелеўскім камітэце па літаратуры адсутнічае кворум, неабходны для ўручэння прэміі, а выбраць новых членаў камітэта не дазваляе статут акадэміі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі