Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
19 красавіка 2017, 13:33

У Мінску адкрылася выстава сучаснага мастацтва да 130-годдзя з дня нараджэння Марка Шагала

19 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінскім Палацы мастацтваў 18 красавіка адкрылася рэспубліканская выстава сучаснага мастацтва "Вяртанне вобраза. Да 130-годдзя Марка Шагала", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Адкрываючы мерапрыемства, першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга адзначыла, што ў гісторыі суверэннай Беларусі гэта трэцяя агульнарэспубліканская экспазіцыя сучаснага мастацтва. "Цяперашняя выстава мае сваю асаблівасць, паколькі супадае з тым годам, калі ўвесь свет і ўся Беларусь адзначае 130-годдзе аднаго з роданачальнікаў сучаснага мастацтва - Марка Шагала. Вельмі сімвалічна, што яе дэвіз - "Вяртанне вобраза". Тут прадстаўлены розныя вобразы: ад вобразаў матэрыяльнай культуры да загадкавых і супярэчлівых. Але ўсе яны падкрэсліваюць непарыўнасць і пераемнасць традыцый авангарднага мастацтва, творчага пошуку. Выстава нагадвае і аб тым, што Беларусь была калыскай авангардызму ў пачатку ХХ стагоддзя", - падкрэсліла яна.

Ірына Дрыга заклікала развіваць і падтрымліваць сучаснае мастацтва. Яна таксама зачытала віншаванне, якое накіраваў удзельнікам і гасцям выставы міністр культуры Барыс Святлоў.

Як было адзначана ў час цырымоніі адкрыцця экспазіцыі, упершыню ў Беларусі сучаснае беларускае мастацтва прадстаўлена ў такім шырокім маштабе. Яно вызначаецца шматвектарнасцю развіцця, разнастайнасцю жанраў, форм, напрамкаў, і менавіта гэта ўключае яго ў актуальны міжнародны мастацкі культурны кантэкст. У Палацы мастацтваў прадстаўлены работы жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, канцэптуальныя праекты аўтараў з Мінска і абласных гарадоў, творы вядомых і маладых мастакоў, студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У экспазіцыі дэманструецца работа Марка Шагала "Закаханыя" з калекцыі Белгазпрамбанка і, у працяг паэтыкі знакамітага майстра, творы айчынных і замежных мастакоў - удзельнікаў шагалаўскіх пленэраў у Віцебску, якія прайшлі ў 1994, 1997 і 2016 гадах, а таксама з калекцыі музея Марка Шагала ў Віцебску.

Арганізатарамі выставы выступаюць Міністэрства культуры Беларусі, Мінгарвыканкам, Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў пры падтрымцы Беларускага саюза мастакоў, Беларускага саюза дызайнераў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Экспазіцыя размясцілася на трох пляцоўках і будзе працаваць па 21 мая.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі