Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
19 красавіка 2019, 09:51

У Мастацкім музеі ў Брэсцкай крэпасці адкрылася выстаўка да Вялікадня

19 красавіка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Мастацкім музеі ў Брэсцкай крэпасці 18 красавіка адкрылася выстаўка, прысвечаная святу Вялікадня, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Гэта сумесны праект абласнога краязнаўчага музея, чыім філіялам з'яўляецца Мастацкі музей, і Брэсцкай епархіі. Адкрыццю выстаўкі папярэднічаў малебен на пачатак добрай справы, які правёў архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан. Высокадухоўную атмасферу гэтага не зусім звычайнага вернісажу дапоўнілі песнапенні хору духавенства епархіі.

"У дні Вялікага посту, калі Царква набліжаецца да свята Вялікадня, мы адкрываем гэту выстаўку, праслаўляючы ўваскрэсенне Хрыстова. Веру ў тое, што гэтыя творы царкоўнага мастацтва дапамогуць чалавеку наблізіцца да Бога, усвядоміць сваё жыццё, уваскрэсяць у кожным усё тое добрае, што закладзена ў яго Творцам. Класік гаварыў, што прыгажосць выратуе свет. Сапраўды гэта так. Дай Бог, каб гэта прыгажосць была ў нашых сэрцах, душах, учынках, думках", - сказаў, адкрываючы выстаўку, уладыка Іаан.

У экспазіцыі прадстаўлена каля ста прадметаў царкоўнага мастацтва: антыкварныя і сучасныя абразы, адзенне для свяшчэннаслужыцеляў, узоры залатнога шыцця і вышыўкі жэмчугам, богаслужэбныя камплекты і кнігі, упрыгажэнні для храма, царкоўныя рэчы. Большая частка экспанатаў выраблена ў майстэрнях Свята-Раства-Багародзічнага жаночага манастыра, размешчанага тут жа, на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці. Наведвальнікі могуць убачыць адрэстаўрыраваныя ўмелымі рукамі сучасных майстрых урачыстае ўбранне архіепіскапа канца XIX стагоддзя, выраблены па заказе сцяг Брэсцкага кадэцкага корпуса, покрывы на чашы, закладкі ў Евангелле, арляцы архірэйскія, плашчаніцы. Прадметы выкананы ў розных тэхніках: гэта шыццё па кардоне, жэмчугам, шыццё на правым баку, змешаная тэхніка машыннай і ручной вышыўкі.

Асобнай увагі заслугоўвае цэнтральны экспанат выстаўкі - парчовае адзенне на прастол храма Свяціцеля Спірыдона на грэцкім востраве Корфу. "Рэліквію ў дар храму нам заказаў адзін з яго мецэнатаў. Яна ў нас яшчэ ў рабоце - гэта толькі частка ўбору", - растлумачыла ігумення Аляксандра. Яна расказала, што над кожным творам працуе некалькі чалавек: "Гэта не толькі вышывальшчыцы, але і мастакі, канструктары, мадэльеры, дызайнеры - тут супрацоўніцтва цэлай групы людзей. Як правіла, вельмі шмат сясцёр задзейнічана".

Дырэктар абласнога краязнаўчага музея Аляксей Міцюкоў адзначыў, што гэта не першы сумесны з епархіяй праект і пакладзеная некалькі гадоў таму традыцыя будзе прадоўжана. "Я ўпэўнены, што ніхто з наведвальнікаў выстаўкі не застанецца абыякавым, таму што яна нясе прыгажосць, прасвятленне і высокае святло духоўнасці", - падкрэсліў кіраўнік музея.

Выстаўка будзе працаваць да 12 мая.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі