11 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У бягучым годзе спаборнічаць у Міжнародным конкурсе маладых выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2019" на "Славянскім базары ў Віцебску" будуць прадстаўнікі 16 краін. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам дырэктар форуму, генеральны дырэктар Цэнтра культуры "Віцебск" Глеб Лапіцкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У сувязі з юрыдычнымі і некаторымі праблемамі са станам здароўя не прыехалі прадстаўнікі Кубы і Славеніі", - праінфармаваў Глеб Лапіцкі.
Кіраўнік форуму адзначыў, што напярэдадні для ўсіх канкурсантаў былі арганізаваны цікавыя экскурсіі. Удзельнікі дарослага конкурсу наведалі Палац Незалежнасці ў Мінску. Прадстаўнікі 21 краіны, якія спаборнічаюць за перамогу ў дзіцячым музычным конкурсе, наведалі кандытарскую фабрыку "Віцьба" і з'ездзілі ў старажытны Полацк. "Ва ўсіх засталіся незабыўныя ўражанні", - дадаў Глеб Лапіцкі.
Фестываль "Славянскі базар у Віцебску" ў гэтым годзе праходзіць з 8 па 17 ліпеня. Урачыстая цырымонія і гала-канцэрт адкрыцця адбудуцца ў Летнім амфітэатры 11 ліпеня, закрыцця - 15 ліпеня. Дадатковыя мерапрыемствы запланаваны на 8-10 і 16-17 ліпеня. Конкурс маладых выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2019" адбудзецца 13-14 ліпеня на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы фестывалю - у Летнім амфітэатры (жараб'ёўка - 12 ліпеня). Старшыня міжнароднага журы - народная артыстка Расіі і Грузіі Тамара Гвердцытэлі.-0-