Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
24 студзеня 2018, 13:58

У Каложскай царкве ў Гродне завершаны капрамонт драўлянай сцяны

24 студзеня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. У Каложскай царкве ХІІ стагоддзя ў Гродне завершаны капітальны рамонт драўлянай сцяны, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў галоўным упраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама.

Драўляная сцяна ў аднаго са старэйшых храмаў Беларусі з'явілася больш за 100 гадоў таму пасля таго, як частка будынка была пашкоджана апоўзнем. За гэты час сцяна знасілася. На яе капітальны рамонт з фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва выдзелена каля Br200 тыс.

Цяпер работы завершаны. Была адноўлена нясучая здольнасць каркаса будынка, драўляная сцяна была выраўнавана па гарызанталі і вертыкалі, заменена абшыўка фасада. Важным элементам абліцоўкі сталі вертыкальныя пілястры, якія паўтараюць форму існуючых пілястраў з клінкернай цэглы на паўночным фасадзе. Новая сцяна будзе даўгавечная за кошт устойлівасці да знешняга ўздзеяння: сонечнага святла, вільгаці, перападаў тэмпературы. Акрамя таго, на дубовыя заменены вокны і дзверы ў храме, уцеплены паддашак і сцяна. У рабоце былі выкарыстаны ў асноўным натуральныя матэрыялы. Якасць работы на вышэйшым узроўні. Генеральным падрадчыкам выступіла ААТ "Гроднажылбуд". Цяпер разглядаецца пытанне аб кансервацыі існуючай мураванай сцяны храма.

"Наперадзе ў нас два важныя этапы. Першы з іх - унутраныя работы ў храме, рамонт балкона, лесвіцы, іншае. Вясной будзе праведзена і добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол храма. Трэба будзе вырашыць пытанне з адвядзеннем вады", - адзначыў настаяцель Каложскай царквы протаіерэй Аляксандр Балоннікаў. Ён падкрэсліў, што нават на час работ богаслужэнні ў храме не перапыняліся. Храм можна наведаць на працягу ўсяго светлавога дня. Каложская царква - адна з турыстычных візітных картак горада.

Як расказалі ў галоўным упраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама, у цэнтры ўвагі і іншыя архітэктурныя помнікі рэгіёна. У 2018 годзе работы будуць весціся адразу на некалькіх аб'ектах. У прыватнасці, прадоўжыцца рэстаўрацыя Старога замка ў Гродне, завершацца будаўнічыя работы на вежы Гедыміна ў Лідзе: хутка тут з'явіцца музейная экспазіцыя. Будзе прадоўжана ўмацаванне схілаў Замкавай гары ў Навагрудку, работы па кансервацыі ў Крэўскім і Гальшанскім замках. У гэтым годзе будзе і далей весціся рэстаўрацыя Свяцкага палацава-паркавага комплексу ў Гродзенскім раёне і парку ў сядзібе кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі Смаргонскага раёна.-0-

Фота Леаніда Шчаглова

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі