Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
18 чэрвеня 2019, 20:04

У гала-канцэрце "Балетнага лета ў Вялікім" прымуць удзел артысты з 6 краін

18 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Гала-канцэрт VI Міжнароднага фестывалю "Балетнае лета ў Вялікім" аб'яднае 28 чэрвеня артыстаў з шасці краін, паведаміла БЕЛТА вядучы рэдактар ​​прэс-цэнтра/аддзела інфармацыі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Алена Балабановіч.

"Марафон харэаграфічных хітоў 21 чэрвеня адкрые праект Dance Dance Dance, у складзе якога тры прэм'еры Марыінскага тэатра, заслужаныя артысты Расіі Ігар Колба, Даніла Карсунцаў і Яўген Іванчанка, - анансавала Алена Балабановіч. - 23 і 24 чэрвеня на беларускай сцэне выступіць тэатр Раду Паклітару "Кіеў мадэрн-балет". У першы вечар вядучы харэограф сучаснасці прадставіць свой погляд на казку пра Спячую прыгажуню, а ў другі - спектакль "Уверх па рацэ" на музыку Аляксандра Родзіна. У гэты ж вечар Раду Паклітару запрашае публіку і на "Доўгі калядны абед" - аднаактовы балет-роздум аб скарацечнасці жыцця на музыку Антоніа Вівальдзі".

Прэм'еру сёлетняга тэатральнага сезона Вялікага тэатра Беларусі - балет Вячаслава Кузняцова "Настасся" ў пастаноўцы Юрыя Траяна прадставяць 25 чэрвеня. Пастаноўшчык пастараўся прыцягнуць увагу да беларускай гісторыі. Паводле слоў Юрыя Траяна, гісторыя Настассі Слуцкай - складаная і заблытаная, але для тэатральнай сцэны гэта якраз цікава. "Безумоўна, неабходна разумець, што балет - гэта не гістарычнае даследаванне, - растлумачыў ён. - Мы стварылі харэаграфічную легенду і пастараліся ўкрапаць туды, як мага арганічней, падзеі, якія адбываліся ў лёсе галоўных герояў. Настасся кіравала абаронай Слуцка, але мне было цікава паказаць перадгісторыю: праз што давялося прайсці гэтай жанчыне, як яна змагла сабраць войска і павесці яго за сабой". Загалоўную партыю выканае народная артыстка Беларусі Ірына Яромкіна. Дырыжор - Андрэй Галанаў.

26 чэрвеня пакажуць легендарны балет Пятра Чайкоўскага "Лебядзінае возера", які да гэтага часу мае магічную прыцягальнасць для гледача. На сцэне ў гэты вечар выступяць запрошаныя артысты Маскоўскага акадэмічнага музычнага тэатра імя К.Станіслаўскага і У.Неміровіча-Данчанкі: Эрыка Мікірцічава ў ролі Адэты-Адыліі і Дзяніс Дзмітрыеў у ролі Зігфрыда. Дырыжыраваць будзе Алег Лясун.

"Неверагодны сюжэт шэкспіраўскай гісторыі пра Рамэа і Джульету не можа не натхняць. Бадай, цяжка ўявіць сабе больш балетны твор, - падкрэсліў Валянцін Елізар'еў, які паставіў у снежні мінулага года новую аўтарскую рэдакцыю балета Сяргея Пракоф'ева. - У гэтым балеце, які мы зноў пакажам 27 чэрвеня, столькі пачуццяў і эмоцый: ад вар'яцкай любові да лютай нянавісці. Мне здаецца, менавіта таму гэта гісторыя жыве ў стагоддзях і так устойліва трымаецца на сцэнічных пляцоўках усяго свету". У загалоўных партыях - Людміла Хітрова і Алег Яромкін. Дырыжор - Вячаслаў Чарнуха-Воліч.

Завершыцца "Балетнае лета" гала-канцэртам з удзелам зорак сусветнага балета. На беларускую сцэну выйдуць прымы і прэм'еры вядучых тэатраў свету: Наталля Мацак і Сяргей Крываконь з Украіны, Мэцью Голдынг з Канады, Ксенія Аўсянік з Вялікабрытаніі, Дзяніс Віейра з Бразіліі, расіяне Настасся Лімянько, Сяргей Мануйлаў і Іван Васільеў, а таксама беларус Дзяніс Клімук. Дырыжыраваць будзе Іван Касцяхін.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі