1 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У фінале нацадбору на "Еўрабачанне-2018" выступяць 10 выканаўцаў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.
"У адпаведнасці з п.24 Палажэння аб парадку арганізацыі і правядзення Нацыянальнага адборачнага тура конкурсу песні "Еўрабачанне-2018", па рэкамендацыі Белтэлерадыёкампаніі група Shuma ўнесла змяненні ў тэкст заяўленай кампазіцыі "Хмаркі", а яшчэ адзін прадстаўнік фіналу - ALEKSEEV - унёс змяненні ў мелодыю конкурснай песні "Forever", - адзначылі ў прэс-службе.
Такім чынам, з улікам праведзенай 16 студзеня жараб'ёўкі і змяненняў у складзе канкурсантаў, спіс фіналістаў выглядае наступным чынам:
1. Adagio, "Ты і я";
2. ALEKSEEV, "Forever";
3. Shuma, "Хмаркі";
4. Napoli, "Chasing Rushes";
5. Настасся Малашкевіч, "World on Fire";
6. Гюнеш, "I won't Cry";
7. Радыёхваля, "Subway Lines";
8. Alen Hit, "I don't Care";
9. Lexy Weaver, "Ain't You";
10. Кірыл Гуд, "Deja Vu".
Фінальнае шоу ў фармаце тэлевізійнага канцэрта ў прамым эфіры тэлеканалаў "Беларусь 1" і "Беларусь 24" адбудзецца 16 лютага. Індывідуальныя рэпетыцыі фіналістаў у студыі "600 метраў" Белтэлерадыёкампаніі пройдуць 15 лютага. Генеральны прагон шоу ў рэжыме прамога эфіру адбудзецца 16 лютага, непасрэдна перад фіналам.
Афіцыйны прадстаўнік Беларусі для ўдзелу ў міжнародным конкурсе песні "Еўрабачанне-2018" у Лісабоне (Партугалія) будзе вызначаны ў час трансляцыі фіналу галасаваннем тэлегледачоў і прафесійнага журы па класічнай формуле 50x50.
Арганізацыю нацыянальнага адборачнага тура і далейшую падрыхтоўку беларускага ўдзельніка да міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018" ажыццяўляе Белтэлерадыёкампанія як адзіны ў Беларусі член Еўрапейскага вяшчальнага саюза.-0-