Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
20 кастрычніка 2017, 20:02

Творы Мікалая Чаргінца вучаць любіць краіну, быць сапраўдным патрыётам - Рыжанкоў

20 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Творы Мікалая Чаргінца вучаць любіць краіну, быць сапраўдным патрыётам. Аб гэтым заявіў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Максім Рыжанкоў у час творчага юбілейнага вечара вядомага беларускага пісьменніка, заслужанага дзеяча культуры, старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначыў Максім Рыжанкоў, лёс Мікалая Чаргінца вельмі цесна звязаны з лёсам Беларусі, пачынаючы з ліхалецця вайны, перыяду аднаўлення краіны, у якім ён адыграў сваю ролю, змагаючыся з негатыўнымі праявамі, бандытызмам, злачыннасцю. І далейшыя старонкі жыцця Мікалая Іванавіча - знакавыя старонкі гісторыі краіны: братэрская дапамога Афганістану, стварэнне незалежнай дзяржавы і інстытутаў гэтай дзяржавы.

Максім Рыжанкоў зачытаў Віншаванне і Падзяку Прэзідэнта Беларусі.

Павіншаваў з юбілеем Мікалая Чаргінца таксама намеснік-прэм'ер міністра Беларусі Васіль Жарко. Ён пажадаў здароўя і творчага даўгалецця і ўручыў Прывітальны адрас і Падзяку прэм'ер-міністра Беларусі.

На сцэну ў гэты святочны вечар падымаліся старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч, першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга і іншыя. Кожны з гасцей гаварыў аб незвычайнай асобе Мікалая Чаргінца, чыё жыццё неаддзельна ад жыцця краіны, і чые кнігі для многіх сталі любімымі - пісьменнік узняў дэтэктыў на ўзровень сур'ёзнага твора.

Мікалай Іванавіч нарадзіўся ў 1937 годзе ў Мінску ў шматдзетнай сям'і. Яго дзяцінства прыпала на ваенныя гады. Акупацыю сям'я Чаргінцоў перажыла ў Мінску, а бацька будучага пісьменніка ваяваў на фронце.

Пасля вайны Мікалай Чаргінец паступіў у сярэднюю мужчынскую школу, адзіную ў акрузе, дзе вучыўся да сёмага класа. Пасля гэтага пайшоў у вячэрнюю школу, каб была магчымасць працаваць.

З дзяцінства гуляў з сябрамі ў футбол. Маладога футбаліста-пачаткоўца заўважылі, пасля чаго ўзялі на грамадскіх пачатках у спартыўную школу. Затым ён трапіў у футбольную школу моладзі. У 1958-1962 гадах на прафесійнай аснове Мікалай Іванавіч гуляў у футбольных камандах Мінска, Вінніцы, Кішынёва.

У 1963 годзе скончыў Вышэйшую школу трэнераў. Пасля гэтага паступіў на журфак, паколькі вельмі марыў быць спартыўным журналістам. Скончыў два курсы і перавёўся на юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці "правазнаўства", які скончыў у 1969 годзе.

Служыў у органах унутраных спраў, дзе прайшоў шлях ад радавога супрацоўніка да начальніка ўпраўлення крымінальнага вышуку Міністэрства ўнутраных спраў Беларускай ССР. З 1984 па 1987 год прымаў удзел у баявых дзеяннях у Афганістане. З 1987 па 1993 год - начальнік упраўлення ўнутраных спраў на транспарце Рэспублікі Беларусь. У 1993 годзе быў назначаны старшынёй камітэта па сацыяльнай абароне ваеннаслужачых, ветэранаў вайны і ўвекавечання памяці загінулых пры Савеце Міністраў Беларусі.

У 1996-2008 гады тройчы выбіраўся членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Узначальваў Пастаянную камісію Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, а таксама Камісію парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па пытаннях знешняй палітыкі і інфармацыі. З 1988 па 2008 год быў дэлегатам Рэспублікі Беларусь у ААН.

Мікалай Чаргінец - кандыдат юрыдычных навук, акадэмік Міжнароднай акадэміі арганізацыйных і кіраўніцкіх навук, акадэмік Міжнароднай акадэміі інфармацыйных рэсурсаў і тэхналогій; прафесар, гранд-доктар філасофіі і права Сусветнага размеркаванага ўніверсітэта ААН; акадэмік, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай акадэміі народаў свету; лаўрэат многіх міжнародных, саюзных і рэспубліканскіх літаратурных прэмій, генерал-лейтэнант.

Мікалай Іванавіч прымаў актыўны ўдзел у стварэнні і ўмацаванні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, у распрацоўцы прававых актаў СНД, быў ініцыятарам і выканаўцам рашэння СНД аб уваходжанні ў Міжпарламенцкую Асамблею АБСЕ і іншых ініцыятыў на міжнароднай арэне па лініі СНД. З'яўляецца старшынёй Саюза пісьменнікаў Беларусі, членам Саюза журналістаў, Саюза кінематаграфістаў Беларусі. Узнагароджаны 11 ордэнамі, больш як 40 медалямі СССР, Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Афганістан, Рэспублікі Польшча, многімі ганаровымі граматамі.

Ён аўтар больш як 50 навуковых прац і больш як 40 мастацкіх твораў, некалькіх сцэнарыяў да мастацкіх кінафільмаў. Яго кнігі перакладзены больш як на 15 моў свету. Многія раманы ўнесены ў спіс лепшых твораў свету.

За разнапланавыя дасягненні ў галіне культуры і навукі ў 1998 годзе ўнесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса. У 2005 годзе Кембрыджскім бібліяграфічным цэнтрам за выдатны ўклад у развіццё міжнародных адносін, а таксама за значны ўклад у мастацкую літаратуру прысвоена званне "Міжнародны прафесіянал 2005 года". У 2008 годзе Амерыканскім бібліяграфічным інстытутам быў прызнаны "Чалавекам года" за выдатны ўклад у развіццё Рэспублікі Беларусь.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі